Беспрацоўе і беднасць: калі не дапамагчы Украіне, прамысловасці Беларусі канец
Палітыка Лукашэнкі пагаршае становішча Украіны і вядзе беларусаў да галечы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
У найбліжэйшы час беларуская прамысловасць будзе паралізаваная, а ВУП у 2022 годзе прасядзе на 10–15%, лічаць эксперты. Гэта азначае велізарнае беспрацоўе і тое, што ў беларусаў не будзе грошай нават на тыя нешматлікія тавары, якія застануцца ў краіне.
Такія вынікі агрэсіі супраць Украіны, якую дапусціў Лукашэнка.
Праблема для большасці вытворчасцяў у тым, што беларускі рынак занадта малы, каб загрузіць прадпрыемствы, а партнёры па ўсім свеце адмаўляюцца ад супрацоўніцтва. Акрамя таго, для вытворчасці часта патрэбны прамежкавыя імпартныя тавары.
Пакуль у Беларусі засталіся банкі, якія не трапілі пад санкцыі ЕС і ЗША. Таму яны яшчэ могуць праводзіць плацяжы за такія тавары ў доларах і еўра. Мяркуючы па тым, што Беларусі абяцалі такія самыя санкцыі, як Расіі, краіне таксама пагражае адключэнне ад SWIFT. Тады пра любыя міжнародныя плацяжы можна забыцца.
"На прадпрыемствы можна павесіць свірнавы замок"
Да пачатку 2021 года ўклад прамысловасці ў ВУП склаў 25,5%. Там было занята 23,5% работнікаў Беларусі — больш за 1 млн чалавек. У 2021 годзе прамысловасць была асноўным драйверам росту эканомікі за кошт знешняга попыту. Сёлета гаворка ідзе не пра падлікі страт канкрэтных прадпрыемстваў, а пра спыненне ледзь не ўсёй прамысловасці і вялізнае беспрацоўе.
— На ўсе прадпрыемствы беларускай прамысловасці можна павесіць свірнавы замок. У межах найбліжэйшых некалькіх тыдняў яна цалкам спыніць сваю працу, — кажа эканаміст Алег Мазаль. — Застануцца працаваць толькі прадпрыемствы, якія атрымліваюць беларускую сыравіну і працуюць на ўнутраны рынак. Надзея на тое, што мы зможам прадаваць гэтую прадукцыю, як у нас фантазіруе прэм'ер-міністр, у Расію ці Кітай, невыканальная.
У Расіі сітуацыя дрэнная, як і ў Беларусі, а нашы самыя прыбытковыя сферы — угнаенні і нафтаперапрацоўка — там не запатрабаваныя. Хапае і сваёй вытворчасці.
— Гэта катастрофа для беларускай прамысловасці. Будуць беспрацоўныя. Усе прадпрыемствы, уся нафтахімічная галіна ляжа. Не будзе працаваць БМЗ, БелАЗ, МАЗ. Трактарны завод спыніцца. Гэта будзе проста эканамічная катастрофа.
Калі "Беларуськалій" дазволіў зарабіць на экспарце $2,41 млрд у 2020 годзе, то цяпер зусім невялікія аб'ёмы калію будуць спажытыя ў Беларусі. Астатняе прадаць нават ахвочым купіць вельмі складана праз разлікі і лагістыку.
У беларускага ўрада ёсць толькі адзін шанц прадухіліць катастрофу, упэўнены Алег Мазаль.
— Па-першае, трэба адвесці войскі ад мяжы з Украінай, вярнуць іх у казармы. Абвясціць пра тое, што Беларусь ні ў якім разе не будзе ўдзельнічаць у вайне з Украінай. Па-другое, забараніць расійскім войскам ажыццяўляць авіяналёты з тэрыторыі Беларусі, ракетныя ўдары па ўкраінскіх гарадах. Расійскія войскі павінны быць выведзеныя з тэрыторыі Беларусі, забаронены пераход імі беларуска-ўкраінскай мяжы. Па-трэцяе, трэба пачаць пастаўляць гуманітарную дапамогу ва Украіну. Гэта адзіны шанц нешта вярнуць для Беларусі. Гэта неабходна зрабіць проста цяпер.
Можна схавацца ў гарод або чалавекам звацца
Эканаміст Яраслаў Раманчук адзначае, што санкцыі ў дачыненні да Беларусі як агрэсара будуць пашырацца. Паводле ягоных прагнозаў, прамысловасць праз месяц ці два будзе паралізаваная і ў Беларусі, і ў Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.