Прэвентыўны ракетны ўдар па Беларусі — расплата за "гульню ў адны вароты"

Вынік ракетнага абстрэлу Харкава, 1 сакавіка 2022 года / Національна поліція України
Вынік ракетнага абстрэлу Харкава, 1 сакавіка 2022 года / Національна поліція України

З Беларусі, якая нібыта не ўдзельнічае ў вайне на баку Расіі, запускаюцца ракеты па тэрыторыі Украіны. На беларускіх аэрадромах базуецца авіяцыя агрэсара, параненых расіян шпіталізуюць у беларускія лякарні.

Лукашэнка прыкрываецца дыпламатычнымі заявамі пра няўдзел у канфлікце. На справе ж беларускія ўлады ператварылі краіну ў зручны checkpoint — пункт захавання, дзе расіяне аднаўляюцца, папаўняюць запасы і беспакарана абстрэльваюць праціўніка.

Ці можа Украіна на легальнай падставе нанесці ўдар у адказ па расійскіх войсках у Беларусі?

— Так, можа, таму што на сённяшні дзень відавочна, што [расійскія. — Еўрарадыё] вайскоўцы і тэхніка базуюцца на тэрыторыі Беларусі са згоды асоб, якія называюць сябе кіраўніцтвам краіны, — расказвае ў інтэрв'ю Еўрарадыё юрыст НАУ Арцём Праскаловіч. — Расійскае войска не заблудзіла, не напала на Беларусь і сілай прымусіла даць свае аэрадромы і гарады.

Таму Украіна мае поўнае права наносіць шкоду праціўніку, паколькі яна бок, які абараняецца. Фармальна яна абавязаная выконваць Жэнеўскія канвенцыі, не здзяйсняць дзеянняў, накіраваных на бессэнсоўныя разбурэнні, атаку грамадзянскіх аб'ектаў. Але пасля таго пекла, якое Пуцін пры падтрымцы Лукашэнкі зладзіў ва Украіне, не паварочваецца язык успамінаць пра міжнародныя правілы прыстойнасці.

Превентивный ракетный удар по Беларуси — расплата за “игру в одни ворота”
Пенсіянерка з Харкава з адарванай выбухам нагой / УНИАН — новости Украины

— Тым больш можна ўдарыць па войсках, якія толькі што перасеклі мяжу, — працягвае Арцём. — Гэта ж непасрэднае здзяйсненне акта агрэсіі. Да гэтага паміж уладамі Украіны і Расіі не было дамоўленасцяў, што танк едзе на выставу ўзбраенняў. Ну а ў цяперашні момант гэта проста чарговы наступальны рух у рамках распачатай агрэсіўнай вайны, якому можа быць аказаны любы супраціў.
 

Расія не абмяжоўваецца ў сродках

"Спецыяльная ваенная аперацыя", як называе Расія вайну ва Украіне, ператварылася ў крывавую бойню. Гінуць мірныя жыхары, руйнуецца цывільная інфраструктура. Існуе меркаванне, што войскі РФ выкарыстоўваюць фосфарныя і вакуумныя боепрыпасы. Такое можа быць?

Превентивный ракетный удар по Беларуси — расплата за “игру в одни ворота”
Начныя выбухі ад авіяцыйных удараў у Харкаве, 1 сакавіка 2022 года / "Х***ый Харьков"

— Па звестках Bellingcat [інтэрнэт-выдання, якое займаецца журналісцкімі расследаваннямі пра зоны ваенных дзеянняў. — Еўрарадыё], выкарыстоўваюцца касетныя боепрыпасы ў жылой забудове, што забаронена адпаведнай Канвенцыяй. Але ні Расія, ні Украіна яе не падпісалі, — удакладняе Арцём Праскаловіч. — Аднак гэты факт не адмяняе парушэння агульных прынцыпаў вядзення вайны, згодна з якім забараняецца любы невыбіральны напад, гэта значыць бамбёжкі без разбору.

Нельга атакаваць цывільнае насельніцтва ніякім узбраеннем. Не павінны зазнаваць напад цывільная інфраструктура, культурна-гістарычныя каштоўнасці і рэлігійныя будынкі, АЭС, сховішчы хімікатаў. Таксама з'яўляюцца заявы пра выкарыстанне Расіяй боепрыпасаў аб'ёмнага выбуху, так званых "вакуумных бомбаў", якія забаронены ААН як "негуманныя сродкі вядзення вайны, якія выклікаюць празмерныя пакуты людзей".

Афіцыйны прадстаўнік Мінабароны Расіі Ігар Канашэнкаў заяўляе, што мірных людзей і інфраструктуру цывільных не абстрэльваюць. Як ён будзе тлумачыць разбурэнні на вуліцах украінскіх гарадоў і трупы мірнага насельніцтва?

— Я не ведаю, як ён гэта будзе тлумачыць. Галоўнае, што ён будзе гэта тлумачыць на Нюрнбергскім трыбунале 21 стагоддзя. Гэта ўжо абсалютна відавочна, — адказвае Арцём Праскаловіч.

 

"У павуціне Пуціна"

Украіна можа нанесці прэвентыўны ракетны ўдар па Беларусі. Пра гэта заявіў сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў. Ён удакладніў, што такое магчыма ў выпадку, "калі будзе прынята рашэнне вярхоўным галоўнакамандуючым зрабіць гэта". Данілаў блефуе ці беларускія ўлады дагуляюцца з "нейтралітэтам" да ракетнага ўдару?

— Як ні сумна гэта прызнаваць, але Беларусь юрыдычна  краіна-агрэсар, паколькі дала сваю тэрыторыю для нападу, — лічыць юрыст НАУ. — Не кажучы ўжо пра тое, што Лукашэнка сам прызнаўся ў ажыццяўленні ракетных удараў. Таму Украіна мае поўнае права знішчаць усю ваенную інфраструктуру Беларусі.

Превентивный ракетный удар по Беларуси — расплата за “игру в одни ворота”
Момант удару ракетай па будынку адміністрацыі Харкава і наступствы выбуху / Національна поліція України

— Іншае пытанне, што гэта будзе паднесена прапагандай як падстава для ўводу беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Лукашэнка, калі на тое, вельмі гэтага чакае, мяркуючы па ўсім. Таму што відавочна, што ён цалкам у павуціне Пуціна. Але, як звычайна, спрабуе выйсці сухім з вады. Гэта ўжо дакладна не атрымаецца, — перакананы Арцём Праскаловіч. — Ніхто не стане слухаць казкі пра тое, што Беларусь была вымушаная абараняцца ад крыважэрных украінцаў.

Превентивный ракетный удар по Беларуси — расплата за “игру в одни ворота”
Згарэлая вайсковая тэхніка ва ўкраінскім горадзе Буча / “Всевидящее ОКО”

— Паўнавартасны ўвод войскаў ва Украіну будзе азначаць для беларускага народа крах рэпутацыі на дзесяцігоддзі. Адмывацца будзем доўга. А для Беларусі — поўны крах эканомікі і, як вынік, усіх сфер жыццядзейнасці. Мы ператворымся ў краіну трэцяга свету, якой, можа быць, з часам стануць дапамагаць аднаўляцца, але наўрад ці з вялікім энтузіязмам, — рэзюмуе юрыст НАУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі