Без Домрачавай: Беларускі сталі 9-мі ў біятлоннай эстафеце

Гонка праходзіла ў нарвежскім Халменхолене. На першым этапе эстафеты бегла Надзея Скардзіна. На кожным з агнявых этапаў Скардзіна мела па адным промаху, якія закрыла дадатковымі патронамі. У выніку Надзея Скардзіна перадавала эстафету Ірыне Крыўко 12-ай.

На сваім першым агнявым рубяжы Ірына Крыўко адыграла адразу тры пазіцыі і стала дзевятай, адстаючы ад лідара крыху менш на хвіліну. Аднак страляючы стоячы Крыўко змагла закрыць апошнюю мішэнь толькі з трэцяй спробы — у выніку са стрэльбішча беларуска выйшла на дыстанцыю ізноў 12-ай.

Анастасія Дубарэзава бегла трэцяй. Пасля першай стральбы яна вярнула Беларусь на 8-ую пазіцыю, прамахнулася ўсяго раз, мішэнь закрыла дадатковым патронам. Тое самае паўтарылася і на другім агнявым этапе Дубарэзавай. У выніку яна захавала сваю 8-ую пазіцыю.

Апошняй за Беларусь на эстафеце, замест Дар’і Домрачавай, на дыстанцыю выйшла Надзея Пісарава. Яна мела адзін промах лежачы, і два на стойцы. У выніку да фініша беларуска дабегла 9-ай. Гэта стала найгоршым выступленнем зборнай у сезоне.

Першымі былі чэшкі, другое месца за зборнай Італіі, трэцяе ў францужанак.

Працягнуцца біятлонныя баталіі на чэмпіянаце свету ў фінскім Конціялахці 5 сакавіка. Беларуска Дар’я Домрачава будзе ў іх удзельнічаць у якасці лідара агульнага заліку Кубка свету.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі