Без намёкаў. Як дрон ліквідаваў лідара тэрарыстаў
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе здагадкі пра вырашэнне праблемаў у Беларусі выпадковыя / калаж Улада Рубанава
Ён выйшаў на балкон свайго сховішча… і больш яго ніхто не бачыў.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” успамінае, як ЗША з дапамогай дрона ліквідавалі лідара “Аль-Каіды” Аймана аль-Завахіры. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе здагадкі пра вырашэнне праблемаў у Беларусі выпадковыя.
31 ліпеня 2022-га, праз гадзіну пасля ўзыходу сонца, Айман аль-Завахіры выйшаў на балкон жылога дома ў цэнтры Кабула. Сцвярджаецца, што гэта быў любімы занятак ветэрана егіпецкага джыхаду пасля малітвы. Больш ён не паспеў зрабіць нічога.
У 06:18 па мясцовым часе дзве ракеты ўрэзаліся ў балкон і забілі 71-гадовага тэрарыста. Пры гэтым яго жонка і дачка, якія знаходзіліся ў памяшканні побач, не пацярпелі.
Як можна было нанесці такі дакладны ўдар? Сцвярджаецца, што дапамаглі стараннае вывучэнне звычак Завахіры і асаблівы тып ракеты, які ўжылі амерыканскія вайскоўцы пры ўдары.
Цэль на балконе
З таго часу як быў забіты заснавальнік “Аль-Каіды” Усама бін Ладэн у 2011 годзе, аперацыя па ліквідацыі яго пераемніка аль-Завахіры стала самай буйной аперацыяй ЗША супраць баевікоў гэтай тэрарыстычнай арганізацыі.
Ён хаваўся многія гады, і аперацыя па яго выяўленні і ліквідацыі стала вынікам працы контртэрарыстычнай і разведвальнай супольнасці.
Некалькі гадоў урад ЗША ведаў пра існаванне сеткі, якая падтрымлівала аль-Завахіры, а цягам года, пасля вываду войскаў ЗША з Афганістана, афіцыйныя асобы сачылі за прыкметамі прысутнасці "Аль-Каіды" ў краіне.
У 2022-м афіцыйныя асобы высветлілі, што сям'я аль-Завахіры — яго жонка, дачка і яе дзеці — пераехала на канспірацыйную кватэру ў Кабуле, дзе пасля быў знойдзены і сам аль-Завахіры.
Высокапастаўленыя міжведамасныя юрысты ЗША вывучылі дадзеныя разведкі і пацвердзілі, што аль-Завахіры з'яўляецца законнай мэтай на падставе таго, што ён працягвае кіраваць "Аль-Каідай".
25 ліпеня прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сабраў ключавых членаў свайго кабінета і дарадцаў, каб атрымаць заключны брыфінг і абмеркаваць, як ліквідацыя аль-Завахіры паўплывае на адносіны ЗША з Талібанам.
Выслухаўшы меркаванні прысутных, Байдэн санкцыянаваў "дакладна разлічаны авіяўдар" пры ўмове, што ён звядзе да мінімуму рызыку ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.
“Пякельны агонь”
Сакрэт такога дакладнага ўдару — ракета Hellfire класа "паветра-зямля". Яна стала неад'емнай часткай контртэрарыстычных аперацый ЗША за мяжой пасля тэрактаў 11 верасня 2001 года.
Ракету можна запускаць з розных платформаў: з верталётаў, самалётаў, наземных установак, караблёў ці — як у выпадку з Завахіры — з беспілотнага лётнага апарата.
Лічыцца, што ЗША таксама выкарыстоўвалі Hellfire для ліквідацыі іранскага генерала Касема Сулеймані ў Багдадзе ў пачатку 2020 года і брытанскага баевіка "Ісламскай дзяржавы" па мянушцы "Джыхадыст Джон" у Сірыі ў 2015 годзе.
Як яна працуе?
Калі ракета запускаецца з беспілотніка, аператар, які можа фізічна знаходзіцца хоць на тэрыторыі ЗША, бачыць цэль у рэжыме рэальнага часу: датчыкі камеры беспілотніка перадаюць праз спадарожнік відэа.
Выкарыстоўваючы прыцэл на экране, аператар можа "зафіксаваць" цэль і скіраваць на яе лазер. Пасля запуску ракета ідзе за лазерам, пакуль не ўразіць цэль.
Паводле адной з версій, для ўдару па Завахіры ЗША выкарыстоўвалі малавядомую версію Hellfire – R9X. Яна не нясе выбухоўкі, а замест гэтага раскрывае шэсць лёзаў, якія паражаюць цэль за кошт кінетычнай энергіі самога снарада.
Менавіта R9X Hellfire у 2017 годзе ў Сірыі стала прычынай гібелі іншага лідара "Аль-Каіды" і аднаго з намеснікаў Завахіры Абу Хайра аль-Масры.
Фатаграфіі яго аўтамабіля, зробленыя пасля ўдару, паказалі, што ракета зрабіла дзірку ў даху і разарвала пасажыраў. Ніякіх прыкметаў выбуху ці якіх-небудзь іншых пашкоджанняў аўтамабіля на здымках не было.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.