"Без ведання сваіх правоў немагчыма добра жыць у такой дзяржаве, як Беларусь"

"Без ведання сваіх правоў немагчыма добра жыць у такой дзяржаве, як Беларусь"

У Мінску з 9 па 17 лістапада праходзіць "Тыдзень студэнта". Арганізатары падрыхтавалі яскравую і насычаную праграму. Сярод іншага ― семінар "Правы студэнтаў простай мовай”. Пра гэтае мерапрыемства і Тыдзень студэнта ў Мінску Еўрарадыё гутарыць са старшынёй прафсаюзнай групы "Студэнцкая рада" Алесем Кратом.

Еўрарадыё: У мерапрыемстве бяруць удзел толькі недзяржаўныя студэнцкія арганізацыі? 

Алесь Крот: Так атрымалася, што збольшага гэта недзяржаўныя студэнцкія арганізацыі, якія не маюць фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы. То бок БРСМ альбо прафсаюзаў, якія дзейнічаюць унутры універсітэтаў, у нас няма.

Еўрарадыё: У чым сутнасць семінара “Правы студэнтаў простай мовай”?

Алесь Крот: Тыдзень студэнта ― гэта мерапрыемствы, якія робяць розныя студэнцкія арганізацыі ў залежнасці ад накіраванасці. Напрыклад, семінар “Правы студэнтаў простай мовай” ладзяць МПГ "Студэнцкая рада", якую я прадстаўляю. Мы лічым гэта вельмі важным ― вывучэнне сваіх правоў. Калі ты не ведаеш сваіх правоў, ты не можаш імі карыстацца, адпаведна, не можаш прасунуць свае цікавыя ініцыятывы.

Еўрарадыё: Пра што праваабаронцы распавядаюць на семінарах?

Алесь Крот: Такія семінары мы робім не ў першы раз. Яны моцна прывязаныя наогул да канцэпцыі правоў чалавек, бо нельга аддзяліць студэнта ад чалавека. Гэта той жа самы чалавек. І таму ў першай частцы семінара мы размаўляем пра тое, што такое правы чалавека, як просты чалавек можа з імі сустракацца ў паўсядзённым жыцці. У другой частцы семінара мы пераходзім на ўніверсітэцкі ўзровень і размаўляем пра такія рэчы як правы, якія прапісаныя ў кодэксе аб адукацыі, і стараемся гэта нейкім чынам перакласці на сучасныя ўмовы: наколькі актыўна імі карыстаюцца, наколькі добра ведаюць, што дрэнна і чаго не хапае ў тым пераліку, які мы маем цяпер у кодэксе аб адукацыі. На жаль, гэта не ідэальны закон, якім можна карыстацца.

Еўрарадыё: Ці шмат студэнтаў прыходзіць на такія семінары?

Алесь Крот: Ведаеце, заўжды хочацца больш, але хапае. Большасці студэнтаў цікавей схадзіць на які-небудзь канцэрт, чым на семінар, тым больш той, які тычыцца тэмы правоў. “Гэта нешта далёкае, так, мы нешта чулі”, але, як імі карыстацца, ніхто не ведае. Але ўсё адно хапае людзей. З часам, наадварот, гэта будзе нарастаць, бо, спадзяюся, людзі прыйдуць да разумення таго, што без валодання і правільнага карыстання правамі, без ведання сваіх правоў і абавязкаў немагчыма добра жыць у такой дзяржаве, як Беларусь.

Фота: з сацыяльнай сеткі facebook.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі