Без вызвалення беларускіх палітвязняў абмен несправядлівы — Латушка

Павел Латушка

Павел Латушка

Нямецкім палітыкам накіраваны зварот пра неабходнасць абмену беларускіх палітвязняў. Пра гэта піша Павел Латушка, каментуючы маштабны міжнародны абмен шпіёнамі і палітвязнямі.

"Без іх вызвалення — як мінімум палітвязняў з гуманітарнага спісу, вызвалення Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, Мікалая Статкевіча, Марыі Калеснікавай і многіх іншых, абмен не можа лічыцца справядлівым у адносінах да беларускага грамадства", — мяркуе палітык.

Звесткі пра маштабны абмен з удзелам ЗША, Расіі Германіі і рэжыму Лукашэнкі з'явіліся ў многіх СМІ. Яго ўдзельнікамі з аднаго боку з'яўляюцца расійскія шпіёны і агенты, зняволеныя за злачынствы ў заходніх краінах, а з другога — расійскія палітвязні і грамадзянін Германіі Рыка Крыгер, асуджаны ў Беларусі на смяротнае пакаранне і памілаваны Лукашэнкам.

Апошнімі днямі некалькі расійскіх палітзняволеных былі этапаваныя з калоній у невядомым кірунку. 31 ліпеня Пуцін падпісаў сем указаў, тэксты якіх не былі апублікаваныя. Не выключана, што гэта ўказы пра памілаванне палітвязняў.

У той жа час з турэмнай базы ЗША знікла інфармацыя пра пяцярых расійскіх зняволеных. А са Славеніі, як паведамляецца, вышлюць дваіх расійскіх шпіёнаў — Арцёма і Ганну Дульцавых.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі