Бізнэсоўцу з Эміратаў, які прыязджаў да Лукашэнкі, далі ўчастак на Мінскім моры
Беларускія ўлады вылучылі кампаніі "Эмірэйтс Скай Блю" для будаўніцтва і абслугоўвання рэзідэнцыі ўчастак у 1,3 гектара на беразе Мінскага мора, піша TUT.by. На гэтым месцы плануюць пабудаваць вілу для арабскага бізнэсоўца Мухамеда Алі аль-Абара.
Участак знаходзіцца каля Сёмкава, паблізу ад "радавога гнязда" Аляксея Алексіна — бізнэсоўца, якога называюць набліжаным да сям'і Аляксандра Лукашэнкі. Участак перададзены ў арэнду "Эмірэйтс Блю Скай" на 99 гадоў — да 25 лістапада 2119 года. Гадавая арэндная плата складае 2595,45 рублёў.
Як высветліў TUT.by, тут плануюць пабудаваць двухпавярховую вілу. У ёй будзе басейн, спартзала і гараж на чатыры машыны.
Дарэчы, у гэты раён ужо праклалі дарогу і зрабілі новы пірс, да якога можна швартаваць нават яхты. Усім гэтым займаўся Аляксей Алексін.
Мухамед Алі аль-Абар — саўладальнік буйных міжнародных кампаній у сферах інвестыцый, нерухомасці, гатэльнага бізнэсу, электроннага гандлю, лагістыкі, грамадскага харчавання, моды ды іншых. Акрамя ўсяго, ён з'яўляецца старшынёй праўлення ТАА "Эмірэйтс Блю Скай", якое ўваходзіць у структуру "Дана Холдынгз". Кампанія будзе выступаць замоўцам будаўніцтва "разумнага горада" на поўначы Мінска. Увосень 2020-га аль-Абар сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, каб абмеркаваць гэты праект.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.