Блін, чаго ты нервовы такі? Як паводзіцца з блізкімі, якія вярнуліся з калоніі

Палітзняволеныя

Палітзняволеныя / @rubanau_collage

Палітвязень Дзмітрый Абрамук больш за тры месяцы прасядзеў у падвалах штрафнога ізалятара. Цяпер ён працуе ў папулярнай варшаўскай пякарні. Але аказалася, што нават у спёцы пякарні, сярод водару свежых польскіх круасанаў можна злавіць беларускія флэшбэкі. Надоечы Дзмітрый зайшоў у халадзільнае аддзяленне — і ўспомніў ШІЗА. Там таксама было як у халадзільніку.

Так, гэта ўсё часам трыгерыць. Нядаўна сядзелі з сябрам, елі. Я паклаў локці на стол, ён мне жартам кажа: ты чаго локці закінуў? І ўспомнілася, што ў ПК-1 за локці на стале можна было атрымаць вымову — калі "мусары" захочуць.

У ШІЗА, куды Дзмітрыя адпраўляла адміністрацыя "хіміі", не было нават матраца. Дзмітрый паказвае нам фота да і пасля падвалаў.

Блин, чего ты нервный такой? Как вести себя с близкими, вернувшимися из колонии
Дзмітрый Абрамук / фота суразмоўцы Еўрарадыё

— Калі я ўпершыню ехаў з "хіміі" на ШІЗА (штрафны ізалятар), важыў 92 кілаграмы. Праз трыццаць сутак ізалятара — ужо 77 кілаграмаў. Потым на калоніі набраў зноў, але пасля ПКТ (памяшканне камернага тыпу), куды мяне адпраўлялі ў калоніі, засталося 66,5 кілаграмаў. Калі я ўпершыню пасля вызвалення ўзважыўся дома, мама заплакала.

Здавалася б, пасля вызвалення можна выдыхнуць. Але і цяпер няпроста эмацыйна. Яму не раз здавалася, што многія блізкія сябры і сваякі ў зносінах з ім не могуць знайсці правільных слоў. А часам што яны наогул забыліся, адкуль ён вярнуўся паўгода таму.

Пытаюць: "А чаго ты нервовы такі?" Блін, ды я вызваліўся пазаўчора, чаму б мне не нервавацца? Такія моманты напружваюць. Я нікому пра гэта не кажу, але гэта так. За табой пасля вызвалення дзень пабегалі — а потым пачынаюць грузіць побытавымі пытаннямі, якія табе цяпер зусім не цікавыя. Ты яшчэ пазаўчора акно пакетамі ў ПКТ (памяшканне крытага тыпу) заляпляў, а сёння ў цябе пытаюцца, чаму ты мацюкаешся.

Мы папрасілі псіхолага Лілію Ахрэмчык дапамагчы сваякам тых, хто ўжо дачакаўся сваіх блізкіх з калоніі, знайсці правільныя словы.

 

“Вось твая фатаграфія, вось тваё працоўнае месца, вось тваё адзенне вісіць там жа, дзе і раней”

Лілія раіць: не старайцеся рабіць выгляд, што ваш блізкі проста выходзіў у краму — не, ён правёў гады ці месяцы ў жахлівых умовах. І вам не трэба імкнуцца паводзіцца так, быццам нічога не адбылося.

Ваш блізкі перажыў вялікую псіхічную траўму. І асабліва гэта тычыцца несправядліва асуджаных. Бо адна справа — атрымаць ўмоўна заслужанае пакаранне. Ты парушаеш закон, здзяйсняеш крымінальнае злачынства і разумееш, што за гэта можаш быць пакараны.

Але зусім іншая гісторыя, калі ты сядзіш за жаданне сумленных выбараў, за сваю пазіцыю, за меркаванне, за каментары, за лайкі... Тады ўнутры дакладна няма адчування, што ты справядліва асуджаны, правільна? І таму траўма асабліва моцная і звязаная не толькі з побытавымі праблемамі ў зняволенні.

У цябе былі планы, ты будаваў сваё жыццё, ты ўяўляў карціны будучыні — і раптам яны абрынуліся. Ты апынуўся ў чужым асяроддзі, максімальна небяспечным, бо нашы палітвязні ніяк не абароненыя.

І калі чалавек выходзіць на волю, то першая задача сваякоў — стварыць для яго гэтае самае бяспечнае асяроддзе дома. У першую чаргу я кажу пра фізічную бяспеку. Гэта не значыць, што я заклікаю ўсіх тут жа з'язджаць з Беларусі. Але калі вы ведаеце, што ў нейкай кватэры ў вас былі ператрусы, то, магчыма, лепш першы час пажыць у сваякоў, у дзядулі-бабулі. Чалавеку патрэбнае хаця б адносна бяспечнае асяроддзе.

Блин, чего ты нервный такой? Как вести себя с близкими, вернувшимися из колонии
Стварыце бяспечнае (і знаёмае) асяроддзе / pixabay

Важна падкрэсліваць, што чалавека чакалі. Калі чалавек вярнуўся дадому, а ў яго пакоі пераклееныя шпалеры і там жыве брат з дзіцем ці яшчэ хто-небудзь са сваякоў, гэта не дапаможа стварыць такое адчуванне. Вызвалены чалавек адчуе, што яго выкраслілі з жыцця, што яго быццам наогул ніколі не было ў гэтай кватэры.

Важна падкрэсліваць, што ён вярнуўся дадому: вось твая фатаграфія, вось тваё працоўнае месца, вось тваё адзенне — вісіць там жа, дзе і раней, мы нічога не выкідалі! Твае кнігі, твой камп'ютар пыліцца — яго ніхто не чапаў, пакуль цябе не было. Усё тут чакала, калі ты вернешся. Мы цябе чакалі — не выкраслілі, не выкінулі цябе з жыцця.

Усё, цяпер можаш выдыхнуць — мы пра цябе паклапоцімся. І гаворка пра фізічны камфорт. Чаго ты хочаш? Паесці, паспаць, памыцца?

Лезці ў душу варта не заўсёды, бо чалавек можа быць на розных этапах перажывання сваёй траўмы. Ён можа быць у дэпрэсіі, можа быць і ў гневе, можа быць афект. Могуць быць думкі: "Вы тут жылі без мяне, а я там час траціў". Можа быць многае.

Таму з роспытамі варта пачакаць, калі чалавек сам захоча пагаварыць. Хай ён выдыхне, супакоіцца, выспіцца. І калі чалавек цялесна прыйдзе ў норму, ён, магчыма, захоча пагаварыць. Можаце спытаць адкрыта: ты хочаш пагаварыць ці яшчэ не гатовы? І калі чалавек кажа "не" — значыць, пакуль не.

Паважліва пастаўцеся да такой рэакцыі, не сядайце з тварам доктара і словамі: "Ну, раскажы, як табе там было". Бо гэта называецца "лезці ў душу". І гэта лішняе, гэта можа раздражняць.

Чалавеку могуць спатрэбіцца месяцы на тое, каб загаварыць. І тут сваякам важна адмовіцца ад свайго эгаізму. Мы рэдка задаем пытанні на карысць іншага — часцей мы робім гэта, каб супакоіць сваю трывогу.

Дайце магчымасць блізкаму чалавеку пажыць у тым стане, у якім ён хоча: спіць — значыць, спіць. Суткамі — значыць, суткамі. Не трэба яго тармасіць, маўляў, паехалі на лецішча, ты там ажывеш! Вы не ведаеце, ажыве ён там ці не. Не рабіце рэзкіх рухаў, не рвіцеся вадзіць чалавека па бясконцых "гасцях".

Блин, чего ты нервный такой? Как вести себя с близкими, вернувшимися из колонии
Не трэба адразу цягнуць чалавека ў госці / pixabay

Але, можа, ён сам захоча на лецішча. Можа, седзячы ў калоніі, ён марыў, як дабудуе дом і паставіць вокны. Тады, вядома, перашкаджаць не трэба. Чалавек сам у стане вырашыць, дзе яму лепш за ўсё знаходзіцца проста цяпер.

Вяртанне да нармальнага жыцця з траўматычнага асяроддзя таксама патрабуе перыяду адаптацыі. Да звычайнага жыцця таксама трэба прывыкнуць.

Добрая ідэя запісацца ў групу псіхалагічнай падтрымкі, дзе збіраюцца былыя палітвязні. Хутчэй за ўсё, гэта больш пасуе тым, хто з'ехаў з краіны, не думаю, што такія групы магчымыя цяпер у Беларусі. Але зусім неабавязкова, каб у групе былі толькі людзі, якія перажылі зняволенне, — можна шукаць проста тэрапеўтычныя групы рознага фармату, і гэта можна рабіць у Беларусі.

 

А хто падтрымае сваякоў?

Але ж і сваякам увесь той час, што чалавек правёў у зняволенні, было цяжка. Многія з іх кажуць: "Мы сядзелі". І гаворка не толькі пра псіхалагічную сузалежнасць і жыццё ў рэжыме чакання, але і пра трывіяльныя цяжкасці накшталт збору перадач.

Вядома, тым, хто дачакаўся блізкага чалавека, хочацца ў тым ліку і ўвагі з яго боку. Але пасля вызвалення з калоніі чалавек наўрад ці будзе асабліва ўключаны ў настроі тых, хто яго чакаў, прызнае Лілія Ахрэмчык.

Так, ён будзе зацыклены на сабе, будзе думаць пра сябе, а не пра тое, што перажылі яго блізкія. Асабліва ў першы час.

Так што сваякам застаецца спраўляцца з сабой, каб не пагаршаць сітуацыю — і для сябе, і для чалавека, які толькі што выйшаў.

Так, за час тэрміну адбылося нейкае разбурэнне межаў. Вы быццам адчуваеце сябе адным цэлым — вы доўгі час імкнуліся да адной мэты. А потым чалавек выходзіць, і выяўляецца, што вы розныя людзі, а не адно цэлае. А яшчэ выяўляецца, што чалавек выйшаў іншым, у яго з'явіліся новыя рысы характару.

І тут таксама магчымае расчараванне: мы памятаем аднаго чалавека, а цяпер перад намі іншы. І тут дапаможа толькі усвядомленасць — дапаможа справіцца з сабой і не вывальваць слепа сваё раздражненне на чалавека, якога асяроддзе падштурхнула да зменаў. Не закідвайце чалавека прэтэнзіямі, маўляў, "мы што, дарма, для цябе стараліся?"

Будзьце гатовыя да таго, што чалавек не зможа многае вам даць пасля вызвалення, што ён эмацыйна знясілены. І нават калі вам здаецца, што вы "сядзелі разам", — усё ж гэта было не разам. Вы былі на волі, у вас была магчымасць свабодна выйсці пагуляць, выехаць да мора, да возера, у лес... Схадзіць у спартыўную залу або рэстаран. Вашы "адседкі" ўсё ж былі рознымі, вы мелі магчымасць хоць чымсьці напаўняцца.

А ў зняволенага такога выбару не было. Таму цяпер перакладаць сваю пакуту на таго, хто толькі што вызваліўся, жорстка. І я не маю права свайго блізкага вінаваціць у тым, што ён неяк не так дзякуе, неяк не так шануе тое, што я для яго рабіў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі