Boeing рэкамендаваў "Белавія" правесці інспекцыю электрасхемы новага 737-8 MAX
Boeing 737-8 MAX / Ігар Чаргінец
Boeing папрасіў 16 авіякампаній — раней не паведамлялася якіх — праверыць некалькі параметраў у рабоце самалётаў 737-8 MAX перш, чым дазволіць самалёту выконваць пасажырскія рэйсы. Еўрарадыё высветліла, што сярод іх апынулася і беларуская "Белавія".
У кампаніі нас запэўнілі: гаворка ідзе пра нязначны тэхнічны нюанс, не звязаны з праграмным забеспячэннем лайнера:
"Кампанія Boeing сапраўды рэкамендавала правесці інспекцыю электрычнай схемы адной з дублюючых сістэм электразабеспячэння самалётаў Boeing 737-8 пэўных лінейных нумароў. Гаворка пра 16 заказчыкаў амерыканскай кампаніі, у тым ліку "Белавія". Boeing адказна падышла да гэтага пытання".
Флот "Белавія" папоўніўся новым Boeing 737-8 у пачатку красавіка. Гэта першы такі самалёт у распараджэнні беларускай авіякампаніі. "Белавія" стала 21-й авіякампаніяй у свеце, якая эксплуатуе Boeing 737-8.
Мадэль, пра якую ідзе гаворка, — той самы MAX, палёты на якіх былі спыненыя пасля авіякатастроф з удзелам Ethiopian Airlines і інданезійскай Lion Air. Пасля іх Boeing некалькі месяцаў працаваў над змяненнем праграмнага забеспячэння MCAS, якое стала прычынай катастроф.
У выніку Федэральнае агенцтва цывільнай авіяцыі ЗША ўхваліла выпраўленні — можна ўзлятаць. Але ў пачатку красавіка СМІ напісалі пра новыя праблемы з электронікай. Калі б гаворка не ішла пра той самы "макс", пасажыры наўрад ці звярнулі б увагу на гэту навіну. Але ў выпадку з гэтым тыпам лайнера пачалі трывожыцца і не схільныя да аэрафобіі людзі.
У "Белавія" запэўнілі: падстаў для турбавання ў пасажыраў няма. У авіякампаніі ёсць спецыялісты, якія могуць выканаць неабходныя інспекцыі самастойна. У дапамогу ім Boeing прапануе ў найбліжэйшы час накіраваць брыгаду сваіх спецыялістаў, якія зоймуцца гэтым пытаннем.
"На выкананне працэдуры падрыхтоўкі і выканання работ на паветраным судне неабходна колькі часу. Але яшчэ раз падкрэсліваем, што нічога крытычнага ў сітуацыі, якая склалася, няма", — падкрэслілі ў "Белавія".
American, першая амерыканская авіякампанія, якая аднавіла палёты на MAX у снежні, заявіла ў мінулым месяцы, што не заўважыла, каб пасажыры занадта моцна трывожыліся праз MAX. Там не лічаць, што на гэтым тыпе лайнераў амерыканцы лётаюць менш ахвотна, чым на іншых самалётах.
"Белавія" дамовілася пра пастаўкі Boeing 737-8 MAX яшчэ два з паловай гады таму, але атрымала новы лайнер толькі цяпер. Усяго ў беларускага авіяперавозчыка кантракт на пяць самалётаў, другі прыляціць у Мінск прыкладна праз месяц.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.