Больш за 95 тысяч беларусаў у сакавіку атрымлівалі 2/3 заробку

У сакавіку ў Беларусі 211 тысяч чалавек знаходзіліся ў адпачынку за свой кошт ці працавалі няпоўны працоўны дзень. У студзені гэтая лічба была роўная 175 тысячам чалавек. Прычым з гэтых 211 тысяч амаль 96 тысяч знаходзіліся ў прастоі і атрымлівалі толькі 2/3 заробку. Гэта на 23 тысячы чалавек больш, чым у студзені 2015 года (гл. табліцу).

Што рабіць, калі адпраўляюць у адпачынак за свой кошт

Такія дадзеныя дае беларуская статыстыка. Пералічыць Еўрарадыё прадпрыемствы, якія прастойвалі ў сакавіку, Белстат не можа, бо гэта камерцыйная таямніца, але кажуць, што асноўнае, дзе людзям няма ні працы, ні заробку, — гэта прадпрыемствы прамысловасці.

“У асноўным прамысловасць стаіць. Вы ж самі разумееце, якая цяпер сітуацыя ў эканоміцы. Вы гляньце статыстыку па складскіх запасах. Дык навошта вырабляць прадукцыю на склад? Вось прадпрыемства і стаіць”, — тлумачаць у Белстаце.

“Вось так наўпрост прадпрыемствы не заяўляюць, што стаяць, гэта не. Але плаваючыя праблемы ёсць на БеЛАЗе”, “Амкадоры”, МАЗ у пятніцу не працуе. Людзі не ведаюць, ці будзе праца на наступным тыдні, — кажа Еўрарадыё лідар прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч. — Да прыкладу, вялікія праблемы цяпер на “Гомсельмашы” — яны прыйшлі да таго, што вырабляць трэба столькі, колькі прадаецца. І гэта правільна. Але там збіраюцца скараціць каля 50% працаўнікоў. Гэта адбудзецца паступова — звольняць пенсіянераў, яшчэ каго, і паступова яны дасягнуць гэтай лічбы”.

Маладую спецыялістку перавялі на трохдзёнку пад пагрозай звальнення

На думку Генадзя Фядыніча, лічба ў 211 тысяч непрацуючых беларусаў летам лёгка можа ператварыцца ў 300 тысяч.

“Нехта ідзе на 2/3 заробку, некаторыя добраахвотна-прымусова ўвогуле без заробку застаюцца. Бліжэй да лета гэтая лічба, безумоўна, павысіцца — да 300 тысяч чалавек”.

Табліца. Вымушаная няпоўная занятасць і паўнадзённыя прастоі

сакавік 2015

люты 2015

студзень 2015

Колькасць работнікаў, якія працавалі няпоўны працоўны час (дзень, тыдзень) па ініцыятыве наймальніка

73 714

63 638

43 908 

Колькасць работнікаў, якім былі прадстаўленыя адпачынкі без захавання або з частковым захаваннем заработнай платы па ініцыятыве наймальніка

42 114, з іх каля 14 000 — без захавання заробку

37 769

59 600

Колькасць работнікаў, якія знаходзіліся ў паўнадзённым (паўназменным) прастоі

95 469

78 777

72 000

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі