"Большасць падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта"

"Большасць падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта"

Кантроль, паўсюль кантроль!

Навіна панядзелка гучыць амаль як аб'ява аб поўных дэмакратычных свабодах: у музей дзяржаўнасці можна трапіць без папярэдняга запісу. Тры гады таму, нагадаем, музей беларускай дзяржаўнасці адкрыўся, але трапіць у яго было не так проста. Для наведвання ўстановы трэба было падаць заяўку і пашпартныя звесткі ў Нацыянальны гістарычны музей і... 10 дзён чакаць, пакуль тваю кандыдатуру правераць і ўхваляць спецслужбы.

Цяпер усё прасцей. Бярэш пашпарт, або даведку з фота, або любое іншае пасведчанне асобы з фота і наўпрост ідзеш у рэзідэнцыю прэзідэнта.
На ўваходзе дзяўчына-касір працягвае мне спецыяльны бланк — сюды трэба запісаць нумар і серыю пашпарта, выдае білецік (без экскурсіі дарослы білет каштуе 25 000 рублёў, з экскурсіяй — яшчэ плюс 35 000 рублёў) — і можна ісці ў музей.

"Большасць падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта"
Перад уваходам у музей - працэдура праверкі

Стала зручней: не трэба ісці па білет у Нацыянальны гістарычны музей, стала хутчэй на 10 дзён, але кантроль ні разу не аслабеў.
На ўваходзе ўсе тыя ж металадэтэктары. Іх мне давялося прайсці тройчы. У першы раз забылася дастаць з кішэні дыктафон і мабільны. Але калі выграбла з кішэняў усё і ўсё роўна звінела, нават я крыху захвалявалася — на што рэагуе металадэтэктар? Аказваецца, звінелі завушніцы ў вушах!
Пасля праверкі мяне ўжо чакала супрацоўніца музея — правесці наверх.
"Такая працэдура", — лаканічна сказала супрацоўніца музея Кацярына, яна тут другі тыдзень. На экспазіцыі былі і я, і яна — яна ж "павінная за мной сачыць". Але, на шчасце, фанатызму і пераследу мяне па пятах я не адчула.
Ліфт, сёмы паверх, музей

Такім чынам, ліфт, 7 паверх і абсалютна пустыя калідоры, у іх гулка аддаюцца нашы крокі.

Апошні раз я была тут, калі ў музей прывезлі новы экспанат — дакладную копію дзяржаўнага сцяга, які вісіць на аднайменнай плошчы. І мне насамрэч было цікава, што ж тут з'явілася новенькага, хоць назваць мяне фанаткай-музейніцай складана.

"Большасць падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта"

Першая зала — яшчэ не музей: тут размешчана 10 макетаў архітэктурных помнікаў Беларусі — Нацыянальная бібліятэка, Мінск-арэна... першы раз зала мяне ўразіла, але праз тры гады тая ж карцінка не зрабіла належнага эфекту. Мая бабуля назвала б мяне за гэта "разбэшчанай".
"Мы даўно, з моманту адкрыцця музея практычна, абмяркоўвалі гэтую магчымасць, каб кожны мог трапіць у музей. Але будынак рэжымны, і была складаная працэдура. Мы вельмі радыя, што больш не патрэбная працэдура праверкі, і запрашаем усіх да нас з 10.00 да 16.00, за гадзіну да закрыцця музея, — кажа дырэктар музея Дзяніс Буцін. — Чаму рашэнне было прынятае цяпер, мы не ведаем, гэта не ў нашай кампетэнцыі".
У той жа час Дзяніс Сяргеевіч кажа, што з новых экспанатаў тут форма Алы Цупер і... здаецца, усё.
"Цяпер шмат падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта", — кажа дырэктар і абяцае прыслаць супрацоўніцу музея, якая больш кампетэнтная ў гэтым пытанні.
 

Я пакуль іду ў першую музейную залу — яна "прысвечаная станаўленню сучаснай беларускай дзяржаўнасці, а таксама асноўным атрыбутам дзяржаўнасці".

Карткі пакупніка, талоны і купоны, на якія мае бацькі куплялі ежу, а мы потым гулялі "ў краму". Канстытуцыя з выпраўленнямі і дадаткамі, перадвыбарная праграма Лукашэнкі "Адвесці народ ад прорвы" і заклік не дапусціць фальсіфікацыі і зрыву выбараў.

"Мы стаім на краі прорвы сістэмнага крызісу дзяржавы. Нават пасля Вялікай Айчыннай вайны такога не было. Агульны спад вытворчасці склаў 40%... Я не абяцаю вам малочных рэк і кісельных берагоў! Але..." — першую перадвыбарчую праграму Лукашэнкі можна вось проста браць і выкарыстоўваць — не будзе ніякага адрознення.

"Большасць падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта"

Я чакаю, што наступная зала будзе нашмат цікавейшая і навейшая. Але другая — сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны — пакінула ўсё тое ж уражанне. Нічога новага. Такое адчуванне, што новых дасягненняў няма. Усе тыя ж фота кіраўніка дзяржавы з нафтавікамі ў касцы, усё той жа макет будучай АЭС і аграгарадок Васілішкі і ўсё тая ж копія беларускага спадарожніка ў маштабе 1:2.
У трэцяй зале кароннае месца адведзенае ролі спорту ў жыцці сучаснай Беларусі. Тут прадстаўленая форма Алы Цупер, і, здаецца, з навінак гэта ўсё.
На другой сцяне — стэнд, прысвечаны тэатральнаму мастацтву і кінематографу: сукенкі галоўных гераінь з балета "Страсці" і оперы "Кармэн" Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы і балета. Яны вісяць тут не першы год і даўно не навінка.
 

У чацвёртай зале ўсё тыя ж статуэткі і падарункі, уручаныя прэзідэнту за час кіравання з 1994-га года. Пашпарт прэзідэнта, статуэтка "Добры анёл" і ордэн Вызваліцеля, які Аляксандру Лукашэнку ўручае Уга Чавес. Падарункаў, па адчуваннях, стала менш.


 

Нарэшце прыходзіць супрацоўніца Анастасія, якую я прашу распавесці пра новыя экспанаты.
"Гадавой даўнасці падыходзіць?" — чамусьці шэптам цікавіцца Анастасія і адразу кажа пра тое, што ў іх новая форма алімпійскай чэмпіёнкі Алы Цупер.
Паціскаю плячыма: калі няма пазнейшых, значыць, давядзецца пагадзіцца на тое, што ёсць. З дзяўчатамі мы яшчэ раз шпацыруем па музеі ў пошуках навінак. Сітуацыя трохі напружаная. Я заміраю каля вітрыны Беларускага металургічнага завода — яе я не памятаю ва ўупор, але Анастасія таксама змаўкае. Кажа, што вітрыну і экспанаты падарыў завод.
"Тут узоры прадукцыі завода, металакорд, арматура, розныя нарыхтоўкі", — кажа Наста.
Даходзім да залы з падарункамі.
"Нам перадалі вазу кітайскую, вельмі прыгожую — гэта з падарункаў з Кітая. Магчыма, хутка паставім, гэта доўгі працэс, пакуль яе апішуць, перададуць у фонды", — кажа Анастасія, і я ўжо планую будучы паход да кітайскай вазы.


 

"Большасць падарункаў асядае ў новай рэзідэнцыі прэзідэнта"

"А сам кіраўнік дзяржавы сюды заходзіць?" — цікаўлюся ў дзяўчат па дарозе да выхаду.
Але яны бянтэжацца, нервова круцяць ключы ў руках і просяць дазволу не адказваць на пытанне.
Мяне праводзяць проста да выхаду. А мне сумна. Нічога не памянялася з адкрыцця, не лічачы формы алімпійскай чэмпіёнкі. Быццам краіна так і засталася ў 2012 годзе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі