Брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін з'ехаў з Беларусі
Брэсцкі праваабаронца Уладзімір Вялічкін з'ехаў з Беларусі, паведамляе Радыё Свабода. Адбылося гэта праз тры дні пасля чарговых ператрусаў. Яшчэ раней выехалі за мяжу два яго валанцёры.
Вялічкін кажа, што рашэнне аб эміграцыі стала для яго вымушаным і далося цяжка. Праваабарончай дзейнасцю ён займаўся з 1998 года. За гэты час на яго неаднаразова аказваўся ціск з боку ўладаў.
"Сёння я на вымушанай "дыстанцыі", — распавядае праваабаронца. — Таксама дапамагаю ўсім тым, з кім быў у кантакце раней".
Цяперашняе месца свайго знаходжання Уладзімір Вялічкін раскрываць не стаў. Ён праходзіць каранцін. У Беларусі ў Вялічкіна засталася жонка.
"Як толькі стане вядома, што з маёй справай, ці яна будзе закрытая, адразу ж вярнуся, — працягвае праваабаронца. — Я не ў тым узросце, каб пачынаць новае жыццё на чужыне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.