Брэсцкую журналістку аштрафавалі на 5,4 млн рублёў
Іну Хоміч прызналі вінаватай у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Незалежная журналістка Іна Хоміч атрымала штраф у памеры 30 базавых велічынь (5,4 млн рублёў). Адпаведнае рашэнне 1 красавіка прыняў суд Маскоўскага раёна горада Брэста.
Нагодай для адміністрацыйнага працэсу стала публікацыя на сайце беларускага "Радыё Рацыя" (Польшча), якая з'явілася яшчэ ў лютым гэтага года. Праваахоўнікі высветлілі, што аўтарства матэрыялу належыць менавіта Іне Хоміч. У вёсцы Мотыль Іванаўскага раёна дзяўчына брала каментар з нагоды адкрыцця мясцовага Музея хлеба.
Як распавяла Еўрарадыё Іна Хоміч, у судзе яна не адмаўляла таго, што працуе як фрылансер.
Хоміч: "Я не адмаўлялася ад таго, што вырабіла гэтую навіну, хоць яна і не была падпісана. То бок мае дзеянні цалкам законапаслухмяныя у тым сэнсе, што мне дазваляе гэта Канстытуцыя. І калі закон аб СМІ дзесьці не падпарадкоўваецца Канстытуцыі, то гэта ўжо не мая праблема".
Іна Хоміч дадае, што хутчэй за ўсё не будзе абскарджваць судовую пастанову, бо не бачыць сэнсу у гэтай працэдуры. Журналістка ўпэўнена, што праз скаргу яна не здолее змяніць рашэнне на сваю карысць.
Нагадаем, што літаральна на мінулым тыдні за працу без акрэдытацыі паўторна быў аштрафаваны брэсцкі журналіст Алесь Ляўчук. Яго ў другі раз прызналі вінаватым у супрацоўніцтве з телеканалам "Белсат", за што ён атрымаў штраф у памеры 21 базавай велічыні (3 мільёны 780 тысяч рублёў).
Фота: Fotolia