Брэстаўчане распачынаюць акцыю "Адкрытыя межы для раварыстаў"

Ініцыятарамі сталі актывісты кампаніі "За Вела-Брэст!". Па словах каардынатара кампаніі Уладзіміра Красько, актывісты яшчэ ў 2012 годзе пачалі высвятляць, чаму нельга пераязджаць "Варшаўскі мост" на роварах. Высветлілася, што беларускія памежнікі афіцыйна не забараняюць ехаць на ровары. Раварыстаў разварочваюць менавіта польскія памежныя службы.

Красько: "Дакладна вядома, што калі пераязджаеш мяжу з беларускага боку, ніякіх супярэчанняў для ровара няма. І мы лічам гэта вялікім дасягненнем — палова вырашэння пытання. Польшча ўсё ж такі — дэмакратычная краіна, краіна Еўрасаюза, дзе паважаюцца правы ўсіх, у тым ліку і раварыстаў. Мы думаем, што вырашыць гэта пытанне з польскім бокам будзе прасцей".

Афіцыйная прычына забароны — нібыта ў тым, што пункт пропуску з польскага боку не абсталяваны для пераезду на ровары. Уладзімір Красько называе такі адказ абсурдным. Напрыклад, праезд на мапедзе дазволены, хоць габарыты і неабходныя ўмовы для бяспекі для мапеда і ровара аднолькавыя.

Актывісты кампаніі "За Вела-Брэст" сумесна з польскімі роварнымі клубамі плануюць сабраць подпісы пад зваротам у Памежны камітэт Польшчы. Яны будуць патрабаваць, каб у пункце пропуску "Варшаўскі мост" нарэшце пачалі абслугоўваць раварыстаў.

Фота — adt.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі