Брастаўчане запусцілі беларускамоўнае інтэрнэт-радыё для самых маленькіх
Радыё "Калыска" пачало працу ў тэставым рэжыме.
8 чэрвеня ў інтэрнэце пачалося вяшчанне радыё "Калыска". Пакуль што эфір тэставага рэжыму складаюць беларускамоўныя песні і аўдыёказкі розных аўтараў.
Па словах аднаго са стваральнікаў радыё Анатоля Ціхана, галоўная ідэя праекту — прышчапіць любоў да матчынай мовы з самага ранняга ўзросту.
У хуткім часе ў эфіры "Калыскі" з'явіцца і свой уласны кантэнт. Яго будуць складаць казкі, запісаныя брэсцкімі музыкамі і журналістамі. Матэрыялам для аўдыяказак стане творчасць вядомага збіральніка фальклору Сержпутоўскага. Кансультантам праекту выступіў вядомы брэсцкі тэлежурналіст і паэт Мікалай Пракаповіч.
"Ён нам параіў звярнуцца да нашых палескіх аўтэнтычных казак. Мы ўжо ўзялі ў бібліятэцы гэтую кнігу. Гэтыя казкі не звычайныя — не такія, як класічныя беларускія казкі, якія мы ведаем. Там і мова крыху іншая, якая адрозніваецца ад класічнай беларускай. Таму думаю, што гэта будзе цікава", — распавёў у гутарцы з Еўрарадыё Анатоль Ціхан.
Напрыканцы траўня інтэрнет-радыё для самых маленькіх паспела ўжо заваяваць гран-пры брэсцкага конкурсу сацыяльных праектаў Social Weekend. Ініцыятары праекту атрымалі фінансавую падтрымку для запісу казак на студыі.
Чакаецца, што ў поўным рэжыме радыё "Калыска" запрацуе цягам двух тыдняў, а тэставы варыянт можна паслухаць ужо зараз.
Фота — novychas.org