Brutto прэзентуюць новую песню "Рокі" і кліп на яе
Гурт Brutto прадставіў новую песню "Рокі" і кліп на яе. Песня напісаная на верш славутага ўкраінскага паэта Сяргея Жадана (як і папярэдняя "Середні віки"), пераклаў яе Андрэй Хадановіч. Аўтарам відэа выступіла таксама ўкраінская рэжысёрка Ганна Бурачкова, якая працавала на відэа да "Середніх віков").
"Гэты кліп пра тое, што самым галоўным нашым праціўнікам часта з'яўляемся мы самі, — мяркуе рэжысёр відэа Ганна Бурачкова. — Гэта, па сутнасці, працяг гісторыі, якую мы пачалі распавядаць у кліпе "Середні віки". Мы не толькі жывем у свеце, населеным дэманамі, але і змагаемся з імі і выжываем ў гэтым свеце. І часта, нават самі таго не заўважаючы, мы і робімся гэтымі дэманамі і змагаемся з імі ў саміх сабе".
Галоўны герой відэа — вакаліст Brutto і шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў. Сяргей Міхалок, паводле задумы рэжысёра, выступае тут у ролі апавядальніка. Таксама ў роліку здымаецца беларуская гімнастка Меліціна Станюта.
Усяго ў сцэне бою задзейнічана каля 300 чалавек, сярод якіх прафесійныя каскадзёры і спартсмены.
8 сакавіка Brutto сыграюць вялікі сольнік у "Мінск-Арэне".