Брытанцы развітваюцца з гарбатай, футбаліста з Расіі судзяць за кокс — #ІхНоравы

Пра што цяпер гаворыць свет

Пра што цяпер гаворыць свет / @rubanau_collage

Свет вялікі, і маштаб праблем у кожнай краіне розны. Брытанцы занепакоеныя перабоямі ў пастаўках гарбаты. Фермеры ў Індыі б’юцца з паліцыяй, каб дакрычацца да ўладаў і дамагчыся аплаты за сваю працу. А хтосьці вось вырашае зарабіць хутка і многа на наркотыках — але з рызыкай сесці ў турму. Пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.

Брытанцы застануцца без гарбаты?

Нехта скажа, што любоў брытанцаў да гарбаты — не больш чым растыражаваны праз кіно стэрэатып. Але жыхары Вялікабрытаніі сапраўды занепакоеныя тым, што давядзецца скараціць традыцыйныя чатыры кубачкі гарбаты ў дзень да, напрыклад, трох.

А віной гэтаму — праблемы з пастаўкамі праз немагчымасць суднаходства ў Чырвоным моры, якое тэрарызуюць еменскія хусіты. Караблі ідуць у абыход Афрыкі — такім шляхам тавары трапляюць да спажыўцоў пазней на 10-14 дзён.

Пра перабоі з пастаўкамі чорнай гарбаты папярэдзіла адна з найбуйнейшых тарговых сетак — Sainsbury's. А другі па велічыні гарбатавы брэнд Tetley Tea пракаментаваў, што пастаўкі "крыху абмежаваныя". Вытворчасць пакуль што ўдаецца трымаць на тым жа ўзроўні, бо ёсць запасы сыравіны на складах, піша ВВС. 

Вялікабрытанія — дзясяты экспарцёр чорнай гарбаты ў свеце. На востраў ён паступае для пераапрацоўкі і ўпакоўкі. Крызіс у Чырвоным моры і праблемы з дастаўкай сыравіны могуць паўплываць на кошты прадуктаў, у тым ліку некаторых гатункаў чорнай гарбаты.

Гульца маскоўскага “Спартака” судзілі за 1,3 тоны какаіну

Квінсі Промес — паўабаронца расійскага футбольнага “Спартака” — стаў фігурантам справы аб кантрабандзе наркотыкаў. Справу разглядаў суд у Нідэрландах. Промес хацеў на двух партыях какаіна агульнай вагой больш за 1300 кг зарабіць каля 6 млн еўра. А ў выніку быў асуджаны на 6 гадоў турмы.

Брытанцы развітваюцца з гарбатай, футбаліста з Расіі судзяць за кокс — #ІхНоравы
Квінсі Промес

Як стала вядома ў судзе, Промес заключыў угоду з наркагандляром Пітам Вартэлам, уклаўшы ў наркабізнес каля 250 тысяч еўра. Какаін транспартавалі праз порт Антверпена ў Бельгіі ў студзені 2020-га. Абвінавачанне лічыць, што ключавую ролю ў гэтым граў менавіта Промес. Ён вёў перапіску з Вартэлам, і з яе стала вядома, што ён вельмі хваляваўся, што адна са скрыняў з наркотыкам згубілася, а значыць, прыбытак паменшыўся.

Промес усе абвінавачанні адхіліў. І нават не прыехаў на суд “праз абавязанні перад “Спартаком” — каманда цяпер на зборах у Арабскіх Эміратах.

А 20 лютага суд Амстэрдама абвесціць прысуд па яшчэ адной справе супраць Промеса — ён ударыў нажом свайго стрыечнага брата. Пра гэта стала вядома падчас праслухоўвання яго тэлефонных размоваў у межах раследвання кантрабанды наркотыкаў.

Промеса могуць затрымаць, калі ён прыедзе ў адную з краін, якая мае дамоўленасці з Нідэрландамі пра экстрадыцыю. Пазбегнуць турмы ён можа, хіба што папрасіўшы ў Расіі пашпарт.

Сусветны трэнд? Фермерскія пратэсты ўжо і ў Індыі

Апошнімі днямі навіны поўняцца фота з фермерскіх пратэстаў у Германіі, Бельгіі, Нідэрландах, Францыі, Польшчы… Фермеры дамагаюцца зніжэння падаткаў, адмены абмежаванняў у сувязі з экалагічнымі патрабаваннямі Еўрасаюза, гарантый цэн і іншых эканамічных прывілеяў. 

На дарогах, што вядуць да сталіцы Нью-Дэлі, цяпер выстаўленыя бар’еры і паліцэйскія пасты. У горадзе зачынялі станцыі метро побач з урадавымі будынкамі. А ў правінцыях, якія пратэстуюць найбольш актыўна, адключалі інтэрнэт.

Мясцовыя СМІ паведамляюць, што супраць фермераў ужывалі слезацечны газ. Да таго ж улады забаранілі збірацца больш чым па 5 чалавек у грамадскіх месцах.

Каля 70% жыхароў Індыі жывуць у сельскай мясцовасці, большасць з іх — у беднасці. Фермеры патрабуюць замацаваць на ўзроўні закона мінімальныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, выплаціць пенсіі і вызваліць гаспадаркі ад даўгоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі