БТ праводзіць рэйды па барах у пошуках нелегальных трансляцый футбола
Права паказваць гульні чэмпіянату свету атрымалі толькі 50 бараў і рэстаранаў ва ўсёй Беларусі. Астатнім пагражае штраф — да 45 мільёнаў.
Толькі 50 бараў і рэстаранаў ва ўсёй Беларусі набылі права легальна паказваць матчы чэмпіянату свету па футболе. На тэрыторыі нашай краіны выключным правам на трансляцыю валодае Белтэлерадыёкампанія. І калі глядзець матчы дома можна бясплатна, то публічны паказ, напрыклад, у барах і рэстаранах вымагае спецыяльнай ліцэнзіі, якая каштуе ад 1 да 2 мільёнаў у месяц, у залежнасці ад колькасці пасадачных месцаў.
“На перыяд трансляцый чэмпіянату свету па футболе ў Бразіліі з Белтэлерадыёкампаніяй заключылі 50 дамоваў. Вядома, большасць у Мінску. Але ёсць і абласныя цэнтры, і раёны”, — расказвае прэс-сакратар БТ Святлана Смалонская.
Тым часам толькі ў адным Мінску Еўрарадыё налічыла 53 кавярні і бары, дзе можна паглядзець футбол. У Гродне, Гомелі і Віцебску прапановаў не так шмат, але таксама хапае. На БТ кажуць, што прасачыць законнасць усіх трансляцый не могуць фізічна. Але рэйды разам з юрыстамі праводзяць рэгулярна. Зімой на незаконных рэтрансляцыях Алімпіяды ў Сочы злавілі віцебскага кабельнага аператара. Далі штраф 9 мільёнаў. Цяпер чарга аматараў бясплатна паказваць футбол, расказвае Еўрарадыё Святлана Смалонская.
“У Белтэлерадыёкампаніі ёсць спіс установаў, якія парушылі сумежныя правы. У дачыненні да іх праводзіцца праверка. Гэта або кабельныя аператары, альбо бары і рэстараны, якія транслююць гульні чэмпіянату свету па футболе”.
Парушальнікам пагражае штраф да 45 мільёнаў. Суды даюць звычайна ад 3 да 10,5 мільёнаў рублёў. Значна больш, чым каштуе дамова з БТ. Падпісваць дамову трэба і тады, калі наведвальнікам паказваюць трансляцыі па расійскіх каналах. У гэтым выпадку адказнасць перад праваўладальнікам нясе альбо кабельны аператар, альбо ўладальнікі кавярняў, калі трансляцыя ідзе праз спадарожнік.
Кавярня ў цэнтры Мінска заваблівае наведвальнікаў спакусай паглядзець матчы Мундыялю ў прыемнай атмасферы. Тэлефануем туды і прадстаўляемся журналістамі. Але мэнэджар нечакана адказвае, што футбол яны пакуль не паказваюць.
“Мы не транслюем, вы памыліліся. Мы будзем трансляваць наступны матч — з ліпеня. А цяпер мы нічога не транслюем”.
Адказ насцярожвае. І справа нават не ў тым, што наступны матч зусім не ў ліпені, а ў бліжэйшую суботу, 28 чэрвеня. Знаёмы кажа, што яшчэ ўчора ў гэтай кавярні бачыў футбол адразу на трох маніторах.