Будслаўскі фэст пакуль што не ўключылі ў спіс спадчыны ЮНЕСКА
Рашэнне пра ўключэнне Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва адкладзена. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла супрацоўніца Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч.
11-я сесія Міжурадавага камітэта па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА прайшла ў Адыс-Абебе ў Эфіопіі з 28 лістапада па 2 снежня. Там было вырашана разгледзець дасье Беларусі наконт Будслаўскага фэсту ў наступным намінацыйным цыкле.
Прычынай сталі заўвагі экспертнай рады. Па словах Сташкевіч,ад Беларусі папрасілі падаць дадатковую інфармацыю: удакладніць меры па яго ахове, больш падрабязна раскрыць ролю пілігрымаў і мясцовых жыхароў у інвентарызацыі і захаванні гэтай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Дакументы трэба падаць да 20 сакавіка 2017 года.
У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва на гэтай сесіі ўнеслі 16 новых элементаў. Сярод іх святкаванне Новага года ў Афганістане, Азербайджане, Індыі, Іране, Іраку, Казахстане, Кыргызстане, Пакістане, Таджыкістане, Турцыі, Туркменістане і Узбекістане, вядомае як Наўрыз, Наўруз, Нооруз, Наўруз. Таксама ў Спіс трапілі культура піва ў Бельгіі, фестываль румбы на Кубе, свята агню Фальяс ў Валенсіі (Іспанія), карнавал Гранвіль (Францыя), жывая культура трох сістэм пісьменства грузінскага алфавіту.
Цяпер беларускія спецыялісты рыхтуюць для ўнясення ў Спіс культурнай спадчыны культуру беларускай дуды, а таксама абраду "Юраўскі карагод" з вёскі Пагост Жыткавіцкага раёна Гомельшчыны.