Будуць судзіць кіроўцу, які ўцякаў ад сілавікоў у ноч "таемнай інаўгурацыі"
Следчыя завяршылі расследаванне крымінальнай справы на 36-гадовага мінчука. Мужчыну вінавацяць у супраціве міліцыянту пры выкананні ім абавязкаў па ахове грамадскага парадку, спалучаным з ужываннем гвалту, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Падзеі, якія леглі ў аснову справы, адбыліся ў ноч з 23 на 24 верасня. Тады пасля таемнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі ў многіх раёнах Мінска адбыліся акцыі пратэсту. Сілавікі жорстка абыходзіліся з пратэстоўцамі.
У матэрыялах крымінальнай справы гаворыцца, што мужчына на Volkswagen Passat ехаў па праспекце Дзяржынскага па сустрэчнай паласе. Калі даішнік запатрабаваў спыніцца, кіроўца пачаў уцякаць і заехаў у двор дома па вуліцы Разінскай. Калі інспектар выйшаў са службовага аўтамабіля і пайшоў да яго, мужчына паехаў заднім ходам з адчыненымі дзвярыма, наехаў на супрацоўніка міліцыі і пашкодзіў службовы транспарт.
Яму выставілі абвінавачанне па ч. 2 арт 363 (Супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту) Крымінальнага кодэкса. Мінчук узяты пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.