Будучыня сэкандаў у Беларусі: ці выжывуць пасля новых санкцый?

Што будзе з сэканд-хэндамі?

Што будзе з сэканд-хэндамі? / Onliner.by

Еўрасаюз унёс карыстаныя адзенне і аксэсуары ў спіс тавараў, забароненых да правозу праз тэрыторыю Беларусі. Ці значыць гэта, што сэкандам канец?


“Усё добра, мы працуем”

Карэспандэнтка Еўрарадыё пад выглядам устрывожанай пакупніцы патэлефанавала ў некалькі крамаў з непрыемным пытаннем:

— Калі вы закрываецеся?

Прадаўцы здзівіліся і запэўнілі нас, што закрывацца не збіраюцца.

— Закрываемся? Не, няпраўда, мы працуем. Я не ведаю, хто і дзе закрываецца, але наша крама працуе. Іншай інфармацыі не было. Пакуль мы працуем. Усё добра, мы працуем у нашым звыклым рэжыме.

Яшчэ ў дзвюх сетках сказалі прыкладна тое самае:

— На гэты момант у нас такой інфармацыі няма, мы працуем. Сачыце за абнаўленнямі ў Instagram.

— Сёння яшчэ дакладна працуем, да канца дня ўсё паспееце купіць. Іншай інфармацыі пакуль даць не магу, — сказалі ў яшчэ адной краме.

Будущее секондов в Беларуси: выживут ли после новых санкций?
Сукенкі / unsplash

Гэта не першы раз, калі сэканды закрываюць. Праўда, звычайна гэта робяць беларускія чыноўнікі, якія спрабуюць прадаць беларусам як мага больш прадукцыі дзяржпрадпрыемстваў.

"Барахолкі" ў гэтым перашкаджаюць, бо беларусы ахвотней купляюць танную (і часта брэндавую) вопратку. Тавары "Беллегпрама" часта каштуюць нашмат даражэй — і канцэрн лічыць сэканды сваім галоўным канкурэнтам.

Спярша ў такіх крамах у 2021 годзе забаранілі прадаваць новую вопратку. Кіраўніцтва "Беллегпрама" хацела пайсці далей і нават прапаноўвала наогул прыбраць сэканды з буйных гарадоў.

Здаецца, гэта той выпадак, калі дзеянні еўрачыноўнікаў супалі з жаданнямі чыноўнікаў беларускіх, якія даўно спрабуюць абмежаваць пакупнікоў у правах.

Заўсёдніца сэканд-хэндаў Вольга не перажывае праз навіны.

— Будуць са Штатаў вазіць ці іншую лагістыку прыдумаюць, — упэўненая яна. — У такіх нягеглых і беспантовых краінах, як наша, сэканды будуць жыць яшчэ доўга.

З Вольгай згодны намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан. Так, сэканды не знішчаць, проста пастаўшчыкі зменяць лагістыку. Але для пакупнікоў гэта абернецца ростам цэн.

Але навошта ЕС наогул ударыў па простых — і відавочна не самых багатых — беларусах? Гэта што, неяк дапаможа "зрынуць рэжым"?

Будущее секондов в Беларуси: выживут ли после новых санкций?
Як гардэроб беларусаў і беларусак звязаны са "зрынаннем рэжыму"? / unsplash

Брухан лічыць, што білі акурат "па самых багатых" — проста пацярпелі бедныя.

— Чаму ў Расіі сэканд-хэнды трапілі пад санкцыі? Таму што пад іх прыкрыццём туды завозілі элітныя маркі адзення, на якія былі накладзеныя санкцыі. ЕС не хацеў, каб расійскія эліты, якія фінансуюць вайну ва Украіне, куплялі люксавую вопратку. Яны хацелі, каб эліты адчулі: гэтая вайна для іх нявыгадная.

Але нават пасля таго, як на расійскія сэканды наклалі санкцыі, люксавыя тавары працягвалі паступаць у ЕС — праз беларускія сэканд-хэнды. І Расія далей зарабляла на гэтай гісторыі.

На жаль, калі ЕС паспрабаваў адрэзаць эліты ад гэтай магчымасці заробку, пацярпелі простыя людзі, якія ходзяць у сэканд-хэнды.

 

Сэканд — гэта прыкмета беднасці? (Не)

У Беларусі 35% таваразвароту, звязанага з адзеннем, — гэта сэканд-хэнды. Брухан лічыць, што гэта першы званочак, што краіна ідзе кудысьці не туды.

— Хіба не? Людзі што, не могуць купіць новай вопраткі? — задаецца ён пытаннем у эфіры Еўрарадыё.

Адказваем: неабавязкова.

Персанальная і фэшн-стылістка Ганна Прышывалка кажа, што ў Еўропе крамы сэканд-хэнд і вінтажныя крамкі — гэта наогул вельмі модна.

— Па-першае, гэта сусветны трэнд на другаснае спажыванне, на разумнае спажыванне. Даваць рэчам шанец на другое жыццё — гэта модна, і цяпер у Польшчы я назіраю, што гэта шалёна запатрабаваная гісторыя. Часта рэчы скупляюць у людзей хаця б проста для таго, каб запусціць іх у рэсайклінг.

Па-другое, сэканд-хэнды падтрымліваюць людзей з абмежаванымі фінансавымі магчымасцямі.

Па-трэцяе, людзі цяпер імкнуцца купляць рэчы з гісторыяй, кастамізаваныя рэчы, і сэканд-хэнд дапамагае гэтаму. Часта на распродажах мас-маркета застаюцца толькі тыя рэчы, якія табе не вельмі і хочацца мець у гардэробе.

Будущее секондов в Беларуси: выживут ли после новых санкций?
Ці збяднеюць гардэробы беларусаў і беларусак без сэкандаў? / unsplash

Камісія таксама будзе кантраляваць экспарт адходаў у краіны, якія не ўваходзяць у ЕС. І прыме меры, калі такі экспарт створыць краінам экалагічныя праблемы.

Ці стала б Беларусь падаваць у Еўракамісію пакет дакументаў, каб запэўніць, што гатовая і далей імпартаваць тавары сэканд-хэнд?

Улічваючы даўнюю барацьбу МАРГ з сэкандамі, мы ў гэтым сумняваемся. Але даведацца не атрымаецца: карыстанае адзенне трапіла ў санкцыйны спіс раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі