Будзе новы суд над блогерам "Шэрым Катом", які праз тыдзень мусіў выйсці на волю
Зміцер Казлоў — блогер "Шэры Кот"
29 лістапада ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска пачнецца разгляд новай справы супраць палітвязня Змітра Казлова — ютуб-блогера "Шэры Кот".
Палітвязень правёў за кратамі чатыры з паловай гады. 28 лістапада, за дзень да суда, у яго заканчваецца тэрмін зняволення. Аднак з бабруйскай калоніі №2 яго не выпусцяць на волю, а хутчэй за ўсё проста перавядуць у СІЗА, пішуць праваабаронцы "Вясны".
Як і іншых палітвязняў у падобных выпадках, Казлова вінавацяць паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). Справу будзе разглядаць суддзя Павел Карцінін.
Зміцер Казлоў актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэстаў супраць інтэграцыі з Расіяй узімку 2019 года. Тады яго пакаралі рэкорднымі 120 суткамі арышту за пратэсты і стрымы.
У 2020-м блогера затрымалі 10 чэрвеня разам з актывістамі "Еўрапейскай Беларусі". Адміністрацыйны арышт перарос у абвінавачанне па крымінальнай справе. Яго судзілі па абвінавачанні ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і прызначылі пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.