Булгакаў: Беларусы перажываюць этапы узлётаў і падзенняў
Адзін з рэдактараў кнігі пра вулічныя акцыі апошніх 20 гадоў распавядае пра тое, што яго ўразіла падчас яе падрыхтоўкі.
Еўрарадыё паразмаўляла з галоўным рэдактарам часопіса "Архэ" Валерыем Булгакавым.
Еўрарадыё: Вы з’яўляецеся адным з рэдактараў кнігі “Хрышчэнне нацыі. Масавыя акцыі 1988 — 2009”. Ці сапраўды нацыя атрымоўвае "хрышчэнне" праз вулічныя акцыі?
Булгакаў: “З нашага пункту гледжання, безумоўна, так. Што б не казалі пра апошнія 20 гадоў, але гэта важны этап для беларускага нацыятварэння, для паўставання беларускай нацыі. Сталася так, што нацыя, нацыянальны рух пры гэтым быў пазбаўлены магчымасці адстойваць свае правы ў легальным парадку. Кіруючы рэжым у Беларусі падчас свайго станаўлення зрабіў усё, каб выключыць нацыянальна арыентаваныя сілы з афіцыйнай, публічнай, палітычнай прасторы. Адзінае, што заставалася нам усім, каб паказаць, што мы існуем, што мы развіваемся, — гэта вулічная актыўнасць. Яна сутыкалася з вельмі жорсткім супрацьдзеяннем уладаў”.
Еўрарадыё: Рыхтуючы кнігу, перачытаўшы, прааналізаваўшы гэтыя акцыі за апошнія 20 гадоў, якія былі беларусы: больш актыўныя ці наадварот?
Булгакаў: “Як і ў кожным грамадстве беларусы перажываюць этапы узлётаў і падзенняў. Найбольш фатальнай чарадой гадоў у беларускай найноўшай гісторыі было апошняе дзесяцігоддзе, асабліва прамежак 2007-2009 гадоў, калі здавалася, што вулічная актыўнасць замерла і нічога не будзе адбывацца. Але апошнія падзеі, у тым ліку падзеі 19 снежня 2010 года, усе сеткавыя ініцыятывы, якія збіраюць на вуліцах, плошчах гарадоў тысячы чалавек, яны паказваюць, што вулічная актыўнасць развіваецца. Такі стан рэчаў вынікае перш за ўсе з характару палітычнага беларускага рэжыму.
У Беларусі склалася такая палітычная сістэма, якая ніякім чынам не прадстаўляе нацыянальны рух, дэмакратычныя сілы ў афіцыйных органах улады. Такі стан рэчаў ненатуральны, бо вялікая колькасць беларусаў ніяк палітычна не прадстаўленая і змушана заяўляць пра сябе на такіх пляцоўках”.
Еўрарадыё: На працягу гэтых 20 гадоў, якая акцыя, на вашую думку, была самая важная? Можа назавеце і такую акцыю, якой бы лепш не было?
Булгакаў: “На самой справе важных акцыяў было шмат. Адна з самых апошніх важных акцыяў — гэта падзеі 19 снежня 2010, якія прадвызначылі наступны палітычны цыкл, якія абумовіў глыбокі эканамічны крызіс, у які Беларусь увайшла. Але, канешне, былі іншыя падзеі. Напрыклад, былі акцыі, якія прымусілі савецкае кіраўніцтва Беларусі прымаць ідэі незалежнасці, у гэтым сэнсе вызначальнымі былі акцыі 1990-1991 гадоў. Што датычыць таго, чаго лепш бы не было, хачу сказаць, што гісторыя не церпіць умоўнага ладу. Безумоўна, былі правальныя акцыі, якія гаварылі пра слабасць, раз’яднанасць апазіцыйных сілаў. Асабліва частымі такія выпадкі сталіся ў апошнія 10 гадоў, у прамежку паміж 2007-2009 гадамі. Але ўражанне слабасці, раз’яднанасці, яно было памылковае. Тое, сведкамі чаго мы з’яўляемся 10 месяцаў, паказвае, што вулічная актыўнасць, спантанныя акцыі — гэта не выключэнне, а правіла беларускага палітычнага жыцця”.