Былога начальніка міліцыі, які ўдарыў падлетка, пакаралі штрафам
Былога начальніка Веткаўскай міліцыі, які ўдарыў 15-гадовага падлетка, пакаралі штрафам. 38-гадовы Уладзіслаў Антоненка прызнаны вінаватым у хуліганстве, ён мусіць заплаціць 690 рублёў, пракурор прасіла суд аштрафаваць мужчыну на 920 рублёў, інфармуе партал tut.by. Гучны працэс прайшоў у Чыгуначным раённым судзе Гомеля, прысуд быў вынесены 2 жніўня.
Здарэнне адбылося 25 красавіка. Антоненка, тады яшчэ начальнік міліцыі, у свой выхадны дзень гуляў з сабакам. Мужчына быў у стане алкагольнага ап’янення. Адзін з прахожых зрабіў заўвагу, што сабака пароды баксёр без намордніка. Праваахоўнік быў гэтым абураны і, паводле яго слоў, памылкова напаў не на мужчыну, які зрабіў заўвагу, а на падлетка.
У судзе Уладзіслаў Антоненка сваю віну цалкам прызнаў, назваў свае паводзіны ганебнымі. У міліцыі ён працаваў каля 20 гадоў, апошнія два гады быў начальнікам раённай міліцыі ў Ветцы (пры гэтым жыў у Гомелі). Пасля хуліганскага ўчынку яго звольнілі з органаў унутраных спраў.