BYSOL заяўляе, што сілавікі рыхтуюць у Беларусі правакацыі
У Беларусі рэпрэсіі не спыняюцца
BYSOL заяўляе, што сілавікі рыхтуюць у Беларусі серыю правакацый. Іх мэта — знізіць давер да фонду салідарнасці, яго службаў і "сістэмы ўзаемападтрымкі цалкам".
"У правакацыях плануецца задзейнічаць пад прымусам і шантажом сем'і палітвязняў, былых палітвязняў і іншых людзей, што пацярпелі падчас апошніх атак сілавікоў", — піша сузаснавальнік і кіраўнік BYSOL, праваабаронца Андрэй Стрыжак. Ён падкрэслівае, што планы сілавікоў вядомыя: "Хлусня і падман часта грамчэйшыя і ярчэйшыя за праўду, але ж людзі глядзяць і давяраюць справам, а не вашым правакацыям".
Стрыжак таксама звярнуўся да тых, "хто шантажом ці прымусам вымушаныя ісці супраць свайго сумлення і ўдзельнічаць у мянтоўскіх спектаклях". "Мы ведаем, што вы робіце гэта не таму, што перайшлі на бок зла, — піша кіраўнік BYSOL. — І мы разумеем што такое сітуацыя выбару без выбару. Ахвяра гвалтаўніка не робіцца бруднай праз чужыя брудныя дзеянні. Захавайце сябе, сваю псіхіку і здароўе".
Як вядома, рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. За час "памілаванняў" колькасць палітвязняў вырасла, сведчаць праваабаронцы. На Гомельшчыне ў пракуратуру сталі масава выклікаць людзей, якіх раней судзілі па палітычных артыкулах. У сярэдзіне лістапада сілавікі ў розных рэгіёнах Беларусі масава затрымлівалі сваякоў палітвязняў. Яны цікавіліся атрыманнем дапамогі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.