Чачэнцы скончылі шматлюдны мітынг ў Брэсце
Каля 200 чачэнцаў скончылі шматлюдны мітынг ў Брэсце. Як паведамляла Еўрарадыё, уцекачы (у многіх з іх — дзеці) з Расіі арганізавалі акцыю каля памежнага пераходу “Брэст”. Яны пратэставалі супраць таго, што польскія памежнікі не прапускаюць іх у Еўрасаюз.
Уцекачы хацелі, каб на іх мітынг прыехалі працаўнікі польскага консульства, якім яны хочуць агучыць прэтэнзіі да працы памежнікаў. Аднак сустрэчы так і не адбылося. Каля 17.00 ўдзельнікі мітынгу прынялі рашэнне напісаць калектыўны ліст да прадстаўнікоў чачэнскай дыяспары ў Польшчы. Яны спадзяюцца, што праз іх улады Польшчы нарэшце даведаюцца пра існуючую праблему.
“Паводле маіх крыніцаў, у Брэсце зараз знаходзяцца каля 2700 уцекачоў з Каўказу! Проста нам патрэбны адказ ад польскай ўлады: ці гатовы яны нам дапамагчы? Ці ўвогуле ёсць хоць нейкая краіна ў Еўропе, якая бы нам дапамагла? Калі такой краіны няма, то мы павернемся дадому і будзем далей там галадаць”, — кажа Еўрарадыё адзін з пратэстоўцаў.
Пасля збору подпісаў пад калектыўным зваротам каля 18.00 мітынгоўцы пачалі паволі разыходзіцца. Паводле інфармацыі прэс-службы Брэсцкай памежнай групы імя Дзяржынскага, нікога з удзельнікаў мітынгу праваахоўныя органы не затрымалі.