Чаму беларускі раствор для лінз знік з прылаўкаў?

Беларускі раствор для лінз “Мультырол” знік з прылаўкаў аптэк. Фармацэўты паціскаюць плячыма:

“Раствору няма даўно, і на складзе чамусьці няма. Неблагі раствор. Гэта наш беларускі”, — так кажуць карэспандэнту Еўрарадыё у многіх прыватных і дзяржаўных аптэках. Замест яго прапаноўваюць яшчэ адзін айчынны раствор — “Светон”, але і ён, як і той жа “Мультырол”, як і кожны іншы раствор для лінз, мае індывідуальную непераноснасць.

Фармацэўты не могуць патлумачыць, чаму раствор для лінз, які каштуе на парадак ніжэй за імпартныя, знік з продажу.

Параўноўваем, 100 мл “Мультырола” на паўтара-два тыдні эканомнага карыстання ў аптэцы каштуе каля 22 тысяч рублёў. Імпартны аналаг такога ж аб’ему — ад 45 000 рублёў.

Распрацоўшчыкі ды вытворцы раствору для лінз, навукова-даследчы інстытут фізіка-хімічных праблем БДУ, пра свой тавар кажуць з сумам: яго выраб спыніўся год таму, хоць ліцэнзія дзейная да 2015 года!

У інстытуце кажуць, што больш не могуць выпускаць раствор, якім беларусы карысталіся 15 гадоў. Прычыны збольшага эканамічныя.

“Калі долар скокнуў у 2011 годзе, мы павялічылі выраб у сем разоў, людзей нанялі, бо самі не спраўляліся! За пяць гадоў мы зарабілі 5,7 мільярдаў рублёў! Але нам патрэбныя былі склады, душавыя, асобныя памяшканні для людзей. Гэта былі патрабаванні адзінай эканамічнай прасторы! Але ў нас такіх памяшканняў няма: мы навукова-даследчы інстытут, а не завод”, — тлумачаць у інстытуце.

Там дадаюць, што вытворчасці ў некаторай ступені не спрыяў той факт, што інстытут — бюджэтная арганізацыя.

“У нас не было і няма сваіх абаротных сродкаў, мы ж бюджэтнікі. Мы павінны за свае грошы ўсё зрабіць, адгрузіць, а потым праз тры месяцы атрымаць прыбытак? Але дзе ж мы гэта забяспечым? Мы ж не завод!”— у інстытуце кажуць, што нават напісалі ліст у Мінаховы здароўя, каб паскорыць выдачу грошай ад дзяржаптэк, але праблема так і не кранулася з месца.

Былая загадчыца лабараторыяй Наталля Бірукова, якая разам з калегам Валерыем Сакаловым займалася распрацоўкай раствору “Мультырол” і яго вытворчасцю, распавядае Еўрарадыё, што інстытут амаль атрымаў ліцэнзію на вытворчасць раствору ў Расіі.

“Мы прайшлі нават клінічныя выпрабаванні ў Расіі! Гэта былі б грошы, НДІ зусім забыў б пра нейкія фінансавыя праблемы, бо былі вельмі добрыя ўмовы кантракту! Але трэба было даплаціць фірме, якая за свой кошт праходзіла “клініку”, яна папрасіла грошай: дайце хоць частку якую! Але грошай не знайшлі. Лабараторыю расфармавалі, а ў выніку хто пацярпеў? Звычайныя людзі”, — кажа Наталля Белякова. Спецыяліст звольнілася пасля расфармавання лабараторыі і пайшла ў самастойнае плаванне.

У НДІ БДУ Еўрарадыё кажуць, што цяпер ацанілі гэты бізнес ды хочуць яго прадаць. Хоць ахвочых набыць прадпрыемства няма.

“Мы ацанілі ліцэнзію ў 40-50 тысяч долараў, аддаём таварныя знакі, ноў-хаў. Усе патрабуюць, але ніхто не хоча дапамагчы. Дзяржава сама не можа стварыць умовы для нармальнага функцыянавання! Мы рабілі імпартазамяшчальны прадукт, але цяпер закрыліся. Усе кажуць пра інавацыі, але як даходзіць да справы, аказваецца, што гэта ўсё вельмі і вельмі складана”, — абураюцца ў лабараторыі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі