Чаму беларускія спартсмены рыхтуюцца да Алімпіяды не ў Сочы?

Зборная Беларусі па лыжных гонках праводзіць падрыхтоўку да Алімпіяды не ва ўмовах высакагор’я, характэрнага для Сочы-2014, а на архангельскіх раўнінах. 

“У гарах шмат якую работу, высакахуткасную, не зробіш. Таму што можна чалавека ператрэніраваць, можа быць нанесена сур’ёзная шкода арганізму, ― тлумачыць Аляксей Карней, начальнік нацыянальнай каманды па лыжных гонках. ― А апошні збор, 11 дзён, мы правядзём у Цахкадзоры, у Арменіі. Гэта недалёка ад Сочы ― у некалькіх сотнях кіламетраў”.

Нагадаем, што ў складзе зборнай па лыжных гонках ёсць спартсмены, матываваныя пазмагацца за высокі вынік.

Калі спарткомплекс “Раўбічы” недацягвае для падрыхтоўкі да топ-стартаў, то канькабежны стадыён “Мінск-арэны” рэкламавалі як такі, які адпавядае сусветным стандартам. І лёд у нас нібыта “хуткі”, і пакой з “горным паветрам” ёсць, і алімпійскія чэмпіёны з Нідэрландаў да нас сюды на зборы прыязджалі.

Аднак ніводзін беларускі канькабежац на Гульні ў Сочы не прабіўся. Вялікай эфектыўнасці ад лядовага стадыёну пакуль не здарылася.

“Гэта было зразумела, што мы да гэтага прыйдзем. Трэнерскі штаб вельмі слабы. А спартсмены не выходзяць на належны ўзровень, ― аналізуе Анжаліка Кацюга, шматразовая прызёрка чэмпіянатаў свету па хуткасным бегу на каньках. ― Мала таго, што канькабежцы не трапляюць на Алімпійскія гульні, яны не праходзяць на чэмпіянаты свету”.

Асноўнай праблемай правалу ў хуткасным бегу на каньках былая зорка лічыць прабелы ў ментальнасці маладых спартсменаў.

“У мяне было вялікае жаданне трапіць на Алімпіяду. А зараз у людзей іншы менталітэт. Спачатку ўсе хочуць нешта атрымаць, а потым будзе вынік ці не будзе ― не важна, ― працягвае Анжаліка Кацюга. ― Менталітэт і дысцыпліна ― гэта самыя галоўныя складнікі, якія ў нас страчаны”.

У той жа час прадстаўнікі беларускага шорт-трэку на Алімпіяду прабіліся. Гэта Вольга Талаева і Максім Сяргееў. Беларусь упершыню заваявала адразу дзве ліцэнзіі ў гэтым відзе спорту. Вярнуўшыся з Германіі, дзе праходзіць міжнародны старт, спартсмены будуць рыхтавацца да гульняў на “Мінск-арэне”. 

Беларускія біятланісты рыхтуюцца да Алімпіяды далёка ад Сочы.

“Дзе праводзяць збор нашы спартсмены і чаму? ― звяртаемся ў Беларускую федэрацыю біятлона. ― У Сочы ж ёсць санаторый “Беларусь”,  дзе магчыма размясціцца.  У спартсменаў  было б больш часу на акліматызацыю”.

Федэрацыя: “Нашы спартсмены зараз у Італіі, у Антхольцы. Там яны прабудуць да Гульняў-2014. А ў Сочы алімпійскія аб’екты адкрыюцца толькі з 30 студзеня. Таму там трэніравацца пакуль немагчыма”.

Наша каманда па фрыстайле перад Алімпіядай праводзіць трэніровачны збор у Фінляндыі. Умовы надвор’я там могуць сур’ёзна адрознівацца ад тых, якія будуць падчас Алімпіяды. Аднак трэнерам нашых фрыстайлістаў, якія неаднаразова выйгравалі алімпійскія медалі, лепш ведаць, дзе і як рыхтавацца.  

Фота Alessandro Della Bella, vmnews.ru, newsvm.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі