Чаму беларусы не купляюць беларускае?

Гандаль тут пачынаецца а палове на шостую і працягваецца да дзявятай раніцы. З дзесяці гадзін пачынаецца дзённы кірмаш, дзе гандляры выстаўляюць і імпарт, і беларускае. Раніцай жа — толькі айчыннае!

“У мяне ўсё беларускае! Глядзіце, якая сукенка, я сам ўчора мераў, вельмі добра сядзіць. Ммм…” — заманьвае прадавец-мужчына, які гандлюе вядомай беларускай маркай “О Джэн”. Кошт сукенкі — 55-60 долараў. На сайце інтэрнэт-крамы такая сукенка каштуе прыкладна столькі ж.

Прадавец гатовы ўмомант арганізаваць прымерачную за занавескай. Але пры такой халадрызе я не рашаюся распрануцца да бялізны. 

Зранку ў асноўным прыязджаюць аптавікі, ў тым ліку, з Расіі. Але цяпер расіян няшмат. Асноўная маса едзе на аптовы кірмаш на Курасоўшчыне і гандаль на стадыёне “Дынама” небагаты. Прадаўцы з сумам ўспамінаюць былыя часы.

“А тут добра было — ў цэнтры горада, вакзал — гандаль адменна ішоў. А потым калі нас раздзялілі, частка тут стаіць, частка там. Таму мы цяпер напалову — частка беларускіх тавараў, частка імпарту. Бо імпарт — гэта болей для нашых, а беларускае — болей расіяне бяруць. Ездзілі да нас і з Украіны, пакуль ім мяжу не закрылі. Хто ў санаторый прыязджаў з РасііЮ абавязкова заязджаў сюды”, — кажа прадавачка. Да 9-й раніцы яна гандлюе беларускім, а потым імпартам.

Беларускага адзення, а збольшага прапаноўваюць жаночыя рэчы, сапраўды шмат! Частка з оперы “хавайся ў бульбу”, ні апранаць, ні нават пытацца, колькі гэта каштуе не хочацца. Але ёсць добрыя рэчы: пашытыя якасна, ды і тканіна навобмацак вельмі добрая. Цікава, што ў асноўным прадстаўленыя дробныя і невядомыя беларускія фірмы з Мінска, Брэста і Гродна.

“Фірма “Алеся” вам не трэба? Цёплае адзенне? Сукенка не трэба? 60 долараў!” — пытаецца ў мне прадавачка. Паказвае нібыта халат, нібыта сукенку — яны ні па колерах, ні па тканіне не адрозніваюцца ніяк. Я ўпоцемках прыглядаюся да прапановы. Мадэль з такімі кветкамі і з такой тканіны не параіла б і сваёй бабулі!

“Глядзіце, якая сукенка, такая тканіна! Мадэльеры думалі пра тое, каб гэтая тканіна села па фігуры і глядзіце, як прыгожа сядзіць! Тут і банцік — сукенка на вас. Ну а гэтая сукенка надта вычварная — нейкія завязачкі”, — з ходу разбіраецца ў сукенцы прадавец.

Акрамя мяне і яшчэ колькіх пакупнікоў людзей вельмі няшмат. З тых, хто ёсць, купляюць адразу на сезон — паліто, сукенку, касцюм.

“А я тут перад працай прагульваюся — у мяне праца праз дарогу, а я вельмі рана прыязджаю, вось для настрою тут хаджу. Я вось тут касцюм набыла — спадніца і верх. Добры беларускі касцюм, 315 тысяч рублёў”, — кажа жанчына.

Купляюць і оптам, і ў розніцу. Зніжкі на опт пачынаюцца ад 2 долараў.

“Калі оптам будзеце браць — па 27 долараў прадам, а так — 39 ў розніцу”, — прыкідвае зніжкі прадавачка на штаны ад брэсцкай фірмы.

“Я нічога не прадала. І я ні-чо-га”, — то тут, то там разносяцца скаргі ад прадаўцоў.

“Ведаеце, цяпер якія святы? Новы год і 8 сакавіка — не тыя ўжо, як у савецкія часы было, таму нічога і не купляюць. Мо што калі для офіса трэба нешта афіцыйнае”, — тлумачаць версію ціхага гандлю прадаўцы.

“Ну вы ведаеце, міжсезонне, цяпер летняе адзенне ўжо не купляюць, а восень яшчэ думаюць”, — выдае версію прадавец. Спадзяецца на тое, што людзі хутка зарыентуюцца і пачнуць набываць рэчы.

Чаму не купляюць беларускае самі ж беларусы тлумачыць ўладальнік прыватнага маленькага швейнага прадпрыемства. Гэта дорага і часта не апраўдвае выдаткі.

“Глядзіце, у мяне прыватная вытворчасць, жонка сама прыдумляе эскізы. Я вам на прыкладзе скажу пра нас. Сабекошт гэтай блузкі — 16,5 долара. Гэта матэрыялы, заробак рабочым, арэнда і падаткі. Прыязджаем ў Расію, там такая ж сукенка — 10 долараў сабекошт. Хто нас купіць — ніхто! Расія і Казахстан самі шыюць, там працоўная сіла танная, тканіна — выходзіць праз першыя рукі! А што нас душыць? Мы і самі здохнем тут”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі