Гродна — нязручны варыянт для лоўкостаў. Шукаем іншыя варыянты

Гродна — нязручны варыянт для лоўкостаў. Шукаем іншыя варыянты

Гродзенскі аэрапорт вядзе перамовы з еўрапейскімі лоўкостамі. Ніякай канкрэтыкі пакуль няма, але надзея на танныя авіяквіткі цяпер гарыць у сэрцах беларусаў з новай сілай. Няўжо, каб паляцець куды-небудзь за 10 еўра, больш не трэба будзе спачатку аддаць удвая больш за квіткі да Вільні ці да Кіева?

Мы ўжо прыкідваем, на што патраціць грошы, зэканомленыя на адкрыцці шэнгенскай візы, і спрабуем упакаваць стандартны набор рэчаў для падарожжа ў маленькую валізку, якую бюджэтныя авіякампаніі дазваляюць правозіць у салоне самалёта бясплатна. А заадно задаёмся пытаннем: чаму менавіта Гродна?

Горад знаходзіцца побач з польскай і літоўскай межамі, але далёка ад Мінска. Аўтамабілем да Гродна — 3-4 гадзіны, цягніком — ад 5 да 8 гадзін. Інакш кажучы, для сталічных жыхароў гэта слабая альтэрнатыва аэрапорту Вільні, да якой нават з улікам мяжы можна за 2,5 гадзіны дабрацца хуткаснай электрычкай. Адно шчасце — аэрапорт стаіць на толькі-толькі адрамантаванай мінскай шашы.

Еўрарадыё з дапамогай аднаго з заснавальнікаў партала Vandrouki.by Аляксандра Лапко склала топ-3 беларускіх аэрапортаў, у якіх лоўкосты глядзеліся б больш лагічна, чым у Гродна.

Трэцяе месца — аэрапорт Гомеля

Гродна — нязручны варыянт для лоўкостаў. Шукаем іншыя варыянты
Фота: Wikipedia

314 км ад Мінска па аўтамабільнай трасе крыху засмучаюць. Але да Гомеля ходзіць хуткасная электрычка: тры гадзіны — і ты на Палессі! Блізка межы з Украінай і Расіяй, з якімі ў Беларусі няма візавага рэжыму.

Аэрапорт знаходзіцца ў 12 км ад цэнтра горада, ваў!​

Гродна — нязручны варыянт для лоўкостаў. Шукаем іншыя варыянты

Аляксандр Лапко: “Гомельскі аэрапорт на сёння другі пасля мінскага падрыхтаваны для таго, каб прымаць рэйсы. Ён быў не так даўно адбудаваны, знаходзіцца ў другім па памеры горадзе Беларусі, блізка ад межаў з Украінай і Расіяй, з якімі ў нас няма візавага рэжыму, а таму іх будзе вельмі проста абслугоўваць.

Даехаць да Гомеля з Мінска вельмі проста, бо пабудавалі новую аўтатрасу і пусцілі хуткасныя цягнікі. Што праўда, усё роўна атрымаецца не вельмі хутка.

Расійская “Победа”, якая збіралася прыходзіць у Беларусь, разглядала ў якасці альтэрнатывы мінскаму аэрапорту менавіта Гомель”.

Другое месца — аэрапорт Магілёва

Гродна — нязручны варыянт для лоўкостаў. Шукаем іншыя варыянты
Фота: ban.by/ru/могилёвский-филиал

Ад Мінска да аэрапорта Магілёва ўсяго 185 км, ці паўтары гадзіны па трасе. Гэта самы блізкі з абласных аэрапортаў ад сталіцы Беларусі. Да таго ж, сюды больш-менш хутка можна дабрацца з Бабруйска (120 км), Віцебска (165 км), Гомеля (180 км) і Смаленска (200 км).

Да горада з аэрапорта не трэба далёка ехаць, бо ён размешчаны ўсяго ў 20 км ад цэнтра.

У 2013 годзе тут скончыўся капітальны рамонт.

Аляксандр Лапко: “Магілёўскі аэрапорт знаходзіцца вельмі блізка ад межаў горада. Гэта вельмі зручна для пасажыра, бо калі ты прыехаў, і ў цябе ёсць перасадка, ты можаш не тырчаць некалькі гадзін у аэрапорце, а пагуляць па горадзе.

Горад таксама зацікаўленны ў тым, каб аэрапорт жыў і развіваўся, бо гэта прыбытак для горада, калі турыст на некалькі гадзін спыняецца і выдае грошы, напрыклад, на харчаванне”.

Першае места — Нацыянальны аэрапорт “Мінск”

Гродна — нязручны варыянт для лоўкостаў. Шукаем іншыя варыянты
Фота:wikipedia

Знаходзіцца ў 44 км ад цэнтра самага вялікага горада Беларусі. Спалучаны з Мінскам “шатламі” (ад 45 хвілін да 1 гадзіны) і чыгункай (1 гадзіна). Адрамантаваны ў 2014 годзе да чэмпіяната свету па хакеі. Тут працуе ўся неабходная інфраструктура для пасажырскіх перавозак.

Прапускная здольнасць аэрапорта складае 5,8 млн пасажыраў у год.

Аляксандр Лапко: “З Нацыянальнага аэрапорта “Мінск” могуць лятаць лоўкосты, бо ён не “забіты”, як заўсёды кажуць, усё ёсць, але няма жадання ўладаў аэрапорта і дакладна няма жадання “Белавіі”, бо лоўкосты будуць перабіваць іх пасажырапаток”.

“Што ехаць з Мінска да Вільні, што да Гродна — розніцы няма. А да Вільні яшчэ і больш камфортна!”

Вяртаемся да ідэі чыноўнікаў распачаць прыгоды з лоўкостамі з аэрапорта ў Гродне.

Вось што пра гэты аэрапорт кажа Аляксандр Лапко:

Мой бацька, які працуе лётчыкам, лятае з Гродна, я ў яго спытаўся: ці можа ён (Аэрапорт. — Еўрарадыё) прымаць лоўкосты з усяго свету? Ён мне адказаў, што аэрапорт — гэта не толькі будынак і аэрадром, ды праход мяжы, але гэта і інфраструктура. Павінны быць кавярні ды крамы, даезд, карацей, трэба ўкласці вялікія грошы.

Што ехаць з Мінска да Вільні, што да Гродна, па часе розніцы няма, а да Вільні яшчэ і больш камфортна, бо ты можаш ехаць цягніком да Вільні тры гадзіны, а да Гродна прамога цягніка няма, таму едзеш каля васьмі гадзін.

Увогуле, калі лоўкосты пачнуць лятаць з Гродна, то пасажырапаток не будзе вялікі, таму той жа Ryanair палятае, паглядзіць, што самалёты не запаўняюцца, і перастане лятаць. А ўлады адрапартуюць, што мы адкрылі гэты аэрапорт, а вы не захацелі”.

З “плюсаў” Гродна — бязвізавы рэжым, які фактычна дапамог з’яўленню новых хостэлаў і цікавых кавярняў ды рэстаранаў.

Слухаць размову цалкам:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі