Чаму Кіеў вядзе паляванне на шпіёнаў Крамля, і колькі іх

Журналісты спрабуюць растлумачыць, як Расія змагла так хутка захапіць Чарнобыль у пачатку вайны / Фота ілюстрацыйнае, pixabay
Журналісты спрабуюць растлумачыць, як Расія змагла так хутка захапіць Чарнобыль у пачатку вайны / Фота ілюстрацыйнае, pixabay

Хуткі захоп Расіяй Чарнобыля ў пачатку вайны мог быць вынікам дзейнасці разгалінаванай сеткі агентаў Крамля ўнутры краіны, вынікае з расследавання агенцтва Reuters.

У першы дзень расійскага ўварвання ва Украіну 169 вайскоўцаў Нацгвардыі, якія мусілі абараняць Чарнобыль, склалі зброю. Расія змагла без бою за лічаныя гадзіны захапіць тэрыторыю. А падрыхтоўку да гэтай аперацыі Крэмль пачаў год таму, пішуць журналісты агенцтва.

Цяпер ва Украіне праводзяць расследаванне, ці былі законнымі дзеянні Нацгвардыі ў Чарнобылі. А сама Нацгвардыя абараняе сваё падраздзяленне і кажа, што зброю склалі, каб не дапусціць канфлікту на ядзерным аб'екце.

Пры чым тут шпіёны? Коратка пераказваем расследаванне Reuters.

“Падрыхтаваць глебу для бяскроўнага захопу ўлады”

Крыніца Reuters, знаёмая з планам расійскага ўварвання ва Украіну, расказала, што расійскіх агентаў адправілі ў Чарнобыль яшчэ год таму. Яны мусілі падкупіць чыноўнікаў і падрыхтаваць глебу для бяскроўнага захопу ўлады. Забяспечыць, каб войскі РФ не сустрэлі ўзброенага супраціву. Reuters адзначае, што не змагло атрымаць незалежнага пацвярджэння гэтых заяваў.

Паводле словаў крыніцы, Чарнобыль таксама служыў пунктам перадачы дакументаў са штаб-кватэры СБУ. Нібыта за плату ўкраінскія афіцыйныя асобы перадалі расійскім шпіёнам інфармацыю пра вайсковую гатоўнасць Украіны.

Журналісты не змаглі незалежна пацвердзіць і гэтыя словы сваёй крыніцы. А Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны і СБУ на запыт пра каментар не адказалі.

"Але агляд паказанняў украінскіх сведкаў і судовых дакументаў, а таксама інтэрв'ю з мясцовым чыноўнікам паказваюць, што Кіеў праводзіць як мінімум тры расследаванні паводзінаў людзей, якія працавалі ў Чарнобылі. Згодна з гэтым дакументам, у ходзе расследавання былі выяўленыя як мінімум два чалавекі, якія падазраюцца ў перадачы звестак расійскім агентам ці ў іншым садзейнічанні ім", — гаворыцца ў расследаванні журналістаў.

Цікавыя і гістарычныя сувязі КДБ і СБУ ў гэтым рэгіёне, заўважаюць журналісты. Reuters піша, што пасля выбуху на ЧАЭС у 1986 годзе ў Чарнобыль накіравалі тысячу супрацоўнікаў камітэта! І пасля развалу СССР многія разведчыкі, якія працавалі ў Чарнобылі, увайшлі ў склад сілавых структур Украіны. Крыніца Reuters кажа, што "па сутнасці, гэта былі супрацоўнікі ФСБ". СБУ не стала каментаваць гэтую тэму.

Расія захапіла Чарнобыль. Чаму праваліўся план па захопе Кіева?

Спасылаючыся на шматлікія крыніцы як у Расіі, так і ва Украіне, "снулыя" агенты Крамля не справіліся са сваімі задачамі.

Са словаў сакратара Рады бяспекі Украіны Аляксея Данілава, агенты і іх куратары палічылі Украіну слабай — і памыліліся.

Чатыры крыніцы Reuters заявілі, што людзі, на якіх разлічваў Крэмль як на сваіх давераных асобаў ва Украіне, перабольшылі свой уплыў. Адзін з іх патлумачыў правал "ваеннай аперацыі" так: Крэмль спадзяваўся на "блазнаў — яны трохі ведаюць, але заўсёды кажуць тое, што хоча пачуць кіраўніцтва, таму што інакш ім не заплацяць".

Поспехі Крамля

Але аднаго РФ усё ж дамаглася — пасеяла недавер унутры Украіны і выявіла недахопы СБУ. У СБУ — 30 тысяч чалавек. Цяпер сярод іх шукаюць здраднікаў і калабарацыяністаў.

У выніку 17 ліпеня ў відэазвароце прэзідэнт Уладзімір Зяленскі сказаў, што адхіляе ад пасады кіраўніка СБУ Івана Баканава, якога ведае шмат гадоў. Прычына — занадта многія ў яго структуры падазраюцца ў дзяржаўнай здрадзе.

Пошукі працягваюцца

Паводле звестак МУС, да цяперашняга часу Нацпаліцыя затрымала больш за 1000 чалавек, якіх падазраюць у дыверсійна-разведвальнай дзейнасці на даручэнне расійскіх уладаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі