Чаму крутыя спецыялісты МТЗ ды “Інтэграла” шукаюць працу?

Першая праца — памочнік генеральнага дырэктара МТЗ, вопыт працы з 2010, у абавязкі ўваходзіла арганізацыя выставаў, прэс-канферэнцый, сустрэч з журналістамі, пераклад, набыццё сувенірнай прадукцыі. Такую анкету знаходзім на сайце jobs.tut.by ад супрацоўніцы завода МТЗ. Дзяўчына нават  паставіла цікавую гуллівую фотку. За пасаду перакладчыка ці сакратара дзяўчына хоча заробак 1000 долараў. Каштоўныя кадры губляе завод!

Глядзім далей. На сайце дзясяткі вакансій з гэтага завода. Сыходзяць не проста падсобныя рабочыя ці кіроўцы, а інжынеры з вопытам працы, майстры, начальнікі аддзелаў, якія на заводзе адпрацавалі па 15-20 гадоў. І гэта ўжо сур'ёзна.

Да прыкладу, працу шукае інжынер з больш чым 16-гадовым стажам. Просіць заробак 15 мільёнаў. Збіраецца звальняцца і майстар з 6-гадовым стажам на МТЗ, з дасягненняў чалавек ганарыцца выкананнем працы ў тэрмін і ў поўных аб'ёмах і званнем “найлепшы спецыяліст года” завода МТЗ. Але ён просіць заробак у 12 мільёнаў. Пэўна, на заводзе такі заробак яму не даюць. Начальнік канструктарскага бюро завода МТЗ  чакае 1,5 тысячы долараў, у спецыяліста тры вышэйшыя адукацыі!

 Чаму з завода бягуць людзі з вопытам працы? Сітуацыю просім пракаментаваць намесніка генеральнага дырэктара па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльным развіцці завода МТЗ Васіля Тымановіча. Той пра такія імкненні сваіх людзей не ведае.

“Не ведаю пра прастоі, мы працуем увесь красавік згодна з графікам, прастояў не было! Перада мной ляжыць два лісты вакансій, а яшчэ ў нас 200 маладых спецыялістаў прыйдзе ў жніўні з вышэйшай адукацыяй і 150 з сярэдняй. Пра нейкія масавыя звальненні я не чуў”.

А што па іншым прадпрыемствам? Ёсць рэзюмэ і ад спецыялістаў з вопытам працы з “Камволя”, “Амкадора”, Гомсельмаша, МАЗ.

“У нас ніхто не звальняецца, — супакойвае начальніца аддзела кадраў “Камволя” Наталья Таміла, пры гэтым назваць узровень заробкаў на прадпрыемстве не хоча, спасылаецца на тое, што начальнік аддзела кадраў выдаваць сакрэт гэты не можа. — Калі нехта і звальняецца, то гэта з асабістых прычынаў”.

Цікава, што звальняюцца не толькі маладыя спецыялісты, але і людзі, у якіх набітая рука  і ёсць вопыт!

Вось да прыкладу, завод “Інтэграл”. З яго збіраецца звальняцца мінімум 10 чалавек. На заводзе кажуць, што масавых звальненняў няма.

“У нас такога няма. Вы мо гледзіце тых, хто некалі, у 80-я, у нас працаваў і цяпер шукае працу. Але гэта ж толькі радок у рэзюмэ. Некалі працаваў, вось яно і выскоквае. А ўвогуле, цякучка кадраў ў 5-7% ад колькасці работнікаў — гэта нармальна. У нас усё якраз у межах нормы”.

Такая ж сітуацыя і на заводзе МАЗ. Начальнікі аддзелаў вывешваюць заявы.

“Гэта нічога не азначае, — кажа мне супрацоўніца бюро сувязі з грамадскасцю МАЗа. —  Я вам за наш аддзел скажу, мы неяк вывесілі вакансію дызайнера, я кажу па нашым упраўленні, дык за тры дні прыйшло больш за 100 рэзюмэ! Нават часу не было ўсіх прагледзець. У нас быццам бы ўсё добра, і я не чула, каб нехта масава звальняўся”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі