Чаму затапіла рынак у Ждановічах, але больш не затапляе Нямігу

Чаму затапіла рынак у Ждановічах, але больш не затапляе Нямігу

За мінулы тыдзень Мінск затапляла двойчы. Але Няміга, якая яшчэ некалькі гадоў таму падчас ліўняў ператваралася ў возера, сёлета перажыла ападкі амаль без праблемаў.

“Апошнія два гады ў нас патопу не было, — кажа дырэктар крамы “Рублёўскі”, што знаходзіцца ў сутарэннях будынка на вуліцы Няміга, 2. — Але на ўсялякі выпадак у нас ёсць мяхі з пяском. Калі была апошняя залева, на кантролі стаяў чалавек і сачыў за ўзроўнем вады. Калі б ён падняўся, мы б апусцілі ралеты, якія вытрымліваюць да тоны, але гэта ўсё не спатрэбілася”.

Дырэктар “ГаррамліўнестокаЮрый Субоцін тлумачыць гэта з’яўленнем новага калектара, будоўля якога скончылася ў канцы 2014 года. 

“Калектар забяспечыў адвод вады з Грушаўкі, Карла Лібкнехта, Розы Люксембург, Фабрыцыуса. Але будавалі яго два гады, пры тым, што ён даўжынёй усяго 2,9 кіламетра. Так што гэта не так хутка. Гэта ж не канаўку пракапаць. Ды і фінансаванне абмежаванае”.

Юрый Субоцін адзначае, што ў любым выпадку цалкам пазбегнуць падтапленняў не атрымаецца. Ён тлумачыць, што на мінулым тыдні за паўгадзіны выпала траціна месячнай нормы ападкаў, а гэта на кожны квадратны метр прыкладна два з паловай вёдры вады. Таму ў такіх форс-мажорных абставінах у нізкіх месцах вада будзе збірацца ў любым выпадку.

“Дажджапрымальнікі папросту не паспяваюць прымаць такую колькасць вады, — тлумачыць спецыяліст. — Вы проста паразважайце, якія мусяць быць трубы, каб імгненна вывесці гэтую ваду. Вось вы ўключаеце кран на кухні: вада ж не стаіць, сцякае адразу, а выліце вядро! Яна ж адразу не знікне! І тут варта разумець, што нават у праектах усіх дажджавых каналізацый прапісана, што 2-3 разы на год могуць быць падтапленні. Сама сістэма прадугледжвае, што падтапленні будуць”.

Цяпер вядзецца распрацоўка комплекснай галіновай схемы развіцця сістэм дажджавой каналізацыі горада Мінска, дзе будуць прамаляваныя найбольш небяспечныя месцы падтапленняў. Скончаць яго ў трэцім квартале 2017 года, адпаведна, тады і можна будзе рабіць пэўныя захады па разліках водаадвядзення з гэтых месцаў, пераконвае Юрый Субоцін.

Мы будзем хоць нешта мець, каб працаваць мэтанакіравана. А не тое, што сёння: тут затапіла, і мы павінныя нешта рабіць, а заўтра там затапіла, і трэба там нешта прымаць. Але адразу ўсё зрабіць немагчыма”.

Сёлета на першым месцы па затапленні — рэчавы рынак у Ждановічах. Юрый Субоцін не адказвае за гэтую тэрыторыю, але ведае, у чым праблема, і нават прапануе канкрэтны варыянт па яе вырашэнні.

“Там жа 73 гектары! І на ўсю гэтую гаспадарку — каля 20 рашотак. Я не ведаю, хто ім рабіў праект дажджавой каналізацыі, але вадзе там няма куды сыходзіць. На ўвесь гэты рэчавы рынак — усяго толькі тры дажджапрымальнікі. Прычым яны аб’яднаныя адзін з адным у адну трубу на трыццаць сантыметраў дыяметрам, якая ўваходзіць у васьмісотку. Калі б яны з кожнай рашоткі вывелі трубу асобна ў васьмісотку, было б усё па-іншаму. А так… ну як такая колькасць вады хутка працячэ праз такую трубу?”

Пакуль сіноптыкі не прагназуюць паляпшэння надвор’я, таму патопы імаверныя ў любы момант. Але не трэба забывацца, што два з трох дапушчальных (па праекце) патопаў сёлета ўжо былі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі