Чаргінец: Каля трох тысяч беларусаў зрабілі важныя для свету справы
Старшыня Саюзу пісьменнікаў Беларусі заклікае да ўшанавання імёнаў землякоў, якія праславіліся ў свеце.
Еўрарадыё: Нядаўна вы згадалі імёны беларусаў, што зрабілі ўнёсак у гісторыю сусветнай цывілізацыі і вартыя ўслаўлення. Ці рэальна сёння ўславіць такую колькасць людзей?
111014 CherginecS.mp3
Мікалай Чаргінец: Сіламі пісьменнікаў мы змаглі зрабіць адкрыццё. Мы знайшлі каля трох тысяч беларусаў, што зрабілі важныя для свету справы. Мы вырашылі ўзнавіць памяць пра гэтых людзей і праз гэта паказаць ролю Беларусі ў свеце. Хто ведае, напрыклад, што вядомы землепраходзец Пржэвальскі — беларус, што Лапцевы, якія адкрылі мора — беларусы, і нават граф Пацёмкін — выхадзец з Магілёўскай губерніі? Пісьменнікі і гісторыкі павінны пра іх распавесці. З задавальненнем будуць чытаць і глядзець фільмы пра іх не толькі беларусы, але і ва ўсім свеце.
Еўрарадыё: А чый лёс вас найбольш уразіў?
Мікалай Чаргінец: Чэрскі, Пржэвальскі, Сікорскі, Рымскі-Корсакаў, шэраг прэзідэнтаў Ізраіля. Нам прыемна, што гэтыя людзі робяць вялікія справы, хай сабе і ў іншай краіне.
Еўрарадыё: А хто, на вашую думку, мог бы займацца ўслаўленнем заслужаных беларусаў?
Мікалай Чаргінец: Я лічу што гэтым павінны займацца ўсе людзі, што любяць Беларусь. Мы запрашаем пісьменнікаў, гісторыкаў, тэлевізійшчыкаў, каб зрабіць добрыя кнігі, фільмы.
Еўрарадыё: Але беларуская гісторыя такая заблытаная, што часам незразумела, хто герой, а хто здраднік...
Мікалай Чаргінец: Таму трэба выстройваць лінію праўды. Каб нават той, хто не цікавіцца гісторыяй, прачытаўшы, зацікавіўся. Я бачу абавязак пісьменнікаў, гісторыкаў, работнікаў мастацтва заняцца гэтым.
Еўрарадыё: Ці не атрымаецца ў выніку такой працы, што ўсё на свеце вынайшлі і адкрылі беларусы?
Мікалай Чаргінец: Гэта бяда тых людзей, што хочуць пабудаваць гісторыю для пацехі свайго “Я”. Мы супраць гэтага, таму ніякіх перагібаў не будзе. Скажам, Адам Міцкевіч важны і для палякаў, і для беларусаў, але нарадзіўся ж ён у Беларусі, і пра гэта трэба сказаць.
Еўрарадыё: У вашым спісе пераважна палітычныя эмігранты, якія выехалі з Беларусі. Зараз якраз шмат беларусаў выязджае за мяжу, значыць гісторыя паўтараецца?
Мікалай Чаргінец: Размова ідзе пра тых, хто не глядзеў на палітыку, а рабіў сваю святую справу, адкрываў новыя землі. Назавіце мне хоць аднаго сённяшняга беларуса, які выехаў па палітычных прычынах і зрабіў пераварот у свеце, праславіўся на ўвесь свет? Каб былі такія сучасныя беларусы, мы, безумоўна, сказалі б і пра іх.
Фота: ale.by