Частка сёмая. Прыватны бізнес і дзяржаўная ўласнасць

Мы стаім побач з Капітоліем. Ловім таксоўку, якая завезла б нас на ўскраіну Гаваны. Стаім доўга, а машыны ўсё не спыняюцца.

- Яны маюць свае маршруты, - тлумачыць нам Адалін. Таму і даводзіцца пальцам паказваць кірунак, куды мы хочам заехаць. А таксоўцы ў сваю чаргу паказваюць, куды едуць яны. Гаворка ідзе толькі пра прыватныя таксоўкі, альбо проста нелегальныя. - Глупства, - гаворыць Адалін, - мець сваю ўласную машыну і не падвозіць нікога па дарозе.


Прыватнікам забараняецца падвозіць турыстаў. Аднак кубінцы ўсё адно рызыкуюць. Мы ў пецярых забіліся ў старую амерыканскую машыну. Наперадзе разам з кіроўцам – трое, плячо да пляча. Нас спыніў паліцэйскі. Выратавала таксіста толькі тое, што ён – былы агент. Высветлілася, машыну ён калісьці атрымаў ад Фідэля ў падарунак. Аднак цяпер, у адстаўцы, ён не можа пражыць на пенсію, таму і падвозіць людзей.


Яшчэ адна цікавая гутарка адбылася на наступны дзень з іншым таксістам. Ён з Фернарысам паспрачаўся наконт прыватнай уласнасці. Фернарыс сцвярджаў, што прыватная ўласнасць – рухавік прагрэсу. А таксіст, хоць і перажываў, што не можа, напрыклад, купіць уласную кватэру, усё ж заступаўся за дзяржаўную маёмасць. Урэшце Фернарыс не вытрымаў і сказаў: “Ды твая машына пасля 50 гадоў усё яшчэ ездзіць толькі таму, што яна твая ўласная!”



У 1993 годзе, калі дапамога Савецкага Саюза ўжо 2 гады не паступала на Кубу, улада адчула, што эканоміцы могуць прыйсці “кранты”, і дазволіла кубінцам мець прыватны бізнес. Так, мастакі змаглі працаваць на сябе. Стала магчымым здаваць кватэры, мець уласныя кавярні і рэстараны – paladar (у якіх, аднак, нельга ставіць больш за 6 столікаў). З’явіліся прыватныя цырульні і майстэрні запальнічак.


Праз некалькі гадоў усе ліцэнзіі на прыватны бізнес замарозілі. Хто паспеў яго стварыць, дагэтуль жыве за кошт свайго бізнесу. Новых не з’яўляецца. Кубінская эканоміка сёння ў асноўным трымаецца за кошт турыстаў.

Дагэтуль па ўсёй Гаване за маленькімі столікамі сядзяць дзядзькі ды рамантуюць і напаўняюць бензінам аднаразовыя запальнічкі.

Дагэтуль бачная розніца. У дзяржаўным рэстаране і паладары зусім розныя адносіны да кліента. У звычайным турыстычным рэстаране я атруцілася двойчы (бярыце з сабою таблеткі, калі збіраецеся на Кубу). Вада там брудная, аднак калі нават піць толькі ваду ў бутэльках, ежу ўсё адно гатуюць ў бруднай. Часта ў рэстаранах няма ні вады, ні кетчупу, ні яшчэ нейкіх банальных рэчаў.


У паладары ж, дзе было толькі 2 сталы, нас абслужылі ўжо за 12-ую ночы. Гэта быў пакойчык у прыватным доме. Раз-пораз каля нас праходзілі жыхары кватэры ў піжамах. Было чуваць, як у суседнім пакоі хтосьці грае ў даміно. Гаспадыня прынесла і паставіла перад намі на стол вялізныя талеркі з крэветкамі, рысам з бабамі (нацыянальная страва), смажанымі бананамі ды іншымі прысмакамі. Пабачыўшы, што мы прыслухоўваемся да гульцоў у даміно, гаспадыня сказала: “Гуляюць у даміно ды п’юць ром. А што яшчэ рабіць кубінцам?”



За вячэру ў паладары мы заплацілі некалькі больш, чым у звычайных рэстаранах. Але стравы сапраўды былі вартыя таго.

Што тычыцца прыватных кватэр, то іх на Кубе ўвогуле няма. Каб атрымаць дазвол на зняцце жылля, трэба пісаць уладам заяву. І дабіцца станоўчага адказу сапраўды нялёгка. Аднак, калі вам удасца, то далей ужо плаціць няшмат – усяго 10% ад сярэдняй зарплаты.



Паколькі пасля рэвалюцыі амаль нічога ў Гаване не рамантавалася, многія дамы проста развальваюцца на вачах. Тых, чый дом разваліўся, высяляюць на ўскраіну горада, у спецыяльныя інтэрнаты. І зноў, заявы, просьбы...









Ды, што там казаць – на Кубе нават каровы дзяржаўныя! За забойства каровы там можна атрымаць 15 гадоў турмы. У 1959 годзе на востраве было 7 мільёнаў кароў і 6 мільёнаў людзей. Сёння там 11 мільёнаў людзей і 3 мільёны кароў. Калі карова памірае, кубінец павінен заявіць пра гэта ў паліцыю. Калі жывёлу скралі – плаціць штраф. Таму кубінцы трымаюць кароў у кватэрах, у спецыяльна выдзеленых памяшканнях.



У 70-х гадах на Кубе паспрабавалі змяшаць добрую кубінскую пароду з іншай. Аднак спроба была няўдалай. Папуляцыя рэзка скарацілася. Таму цяпер каровы ў такой пашане. Але кубінцы, рызыкуючы свабодай, ўсё адно крадуць кароў у дзяржавы і прадаюць мяса на чорным рынку.

- Ніхто не клапоціцца пра гэта, - гаворыць Фернарыс. – Усё адно гэта не іх - дзяржаўнае.



Працяг будзе...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі