Чэмпіёны тэставання, маючы 399 балаў, ідуць вывучаць хімію і інфарматыку
А самыя крутыя спецыяльнасці 2013 — міжнароднік, праграміст, стаматолаг.
“Мне заўжды падабалася хімія, з першага году. Мне стала цікава дадаткова самой нешта знаходзіць па гэтым прадмеце. Але калі скончу, пакуль не ведаю, чым займацца”, — расказвае Еўрарадыё чэмпіёнка цэнтралізаванага тэставання Вольга Тугай, якая мае 399 балаў з 400 магчымых!
Студэнтка хімічнага факультэта рыхтавалася сама, але звярталася і да настаўнікаў, каб дапамагалі. Аднак жыццё выдатніцы — не толькі падручнікі і вучоба. Вольга любіць катацца на ровары, патусіць з сябрамі ў кавярні ці проста на вуліцы, не супраць схадзіць на канцэрт, але ў родным Мазыры іх праходзіць не шмат.
388 балаў з 400 магчымых — такі прахадны бал сёлета ў БДУ на “Міжнародным праве”, самы вялікі ў краіне. Большасць тых, хто паступіў сюды, — пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд, якім не трэба здаваць тэсты, тлумачаць у БДУ.
Але ёсць і шчасліўчыкі — Ганна Жэлязнова з Віцебскай вобласці паступае на “сусветную эканоміку” міжнародных адносінаў, набраўшы 384 балы.
“Гэта прэстыжная спецыяльнасць, адна з лепшых. У будучыні я хачу падарожнічаць, гэта мусіць дапамагчы. Пакуль не асабліва ўяўляю сваё жыццё праз пяць гадоў. Але, канешне, хацелася б працаваць так, каб хапала на жыццё і каб праца падабалася”, — тлумачыць выдатніца. Прахадны бал на гэтай спецыяльнасці сёлета — 372.
Яшчэ адна трэндавая спецыяльнасць — праграміст. На факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі адзін з самых высокіх прахадных балаў — 366.
“У мяне 370 балаў. Я набраў 100 балаў па матэматыцы, і на факультэце 40 чалавек такіх. У мяне бацька працуе ў сферы праграмавання, і, лічыцца, дыплом БДУ — прэстыжны”, — тлумачыць Павел Касач, які паступае на прыкладную матэматыку і інфарматыку.
На гэты ж факультэт, на спецыяльнасць “інфарматыка”, ідзе чэмпіён тэставання Уладзімір Асіпчук з Пінску. Выдатнік мае 399 балаў па тэстах.
Някіслы прахадны сёлета і ў Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі: каб паступіць на “Інфарматыку і тэхналогіі праграмавання”, трэба было набраць 374 балы з 400 магчымых!
Не адсталі ад праграмістаў і стаматолагі. Каб вучыцца на дантыста ў мінскім Медуніверы, трэба мець 349 балаў з трох тэстаў і атэстата.
Нагадаем, сёлета на паступленне прэтэндавалі 74 тысячы абітурыентаў, якія змаглі здаць цэнтралізаванае тэставанне. У дзяржаўных ВНУ для іх было 76 тысяч месцаў, 30,5 тысячы — бюджэтныя.
Фота: minsk1.net