Чым адрозніваецца “фэйс-кантроль” на беларускіх і англійскіх стадыёнах

Толькі пачаўся чарговы сезон Чэмпіянату Беларусі па футболе, як фанаты сутыкнуліся са старымі праблемамі. Яны скардзяцца на прадузяты і падоўжаны кантроль ля стадыёнаў, з-за якога часта на матч атрымоўваецца трапіць са значным спазненнем. Cайт belultras.by піша:

“У матчы Чэмпіянату Беларусі па футболе “Мінск”—“Дынама” пропуск усіх фанатаў адбываўся праз аўтазак. Таксама многіх фанатаў не пусцілі пад выглядам таго, што на фанацкім сектары няма месцаў”.

Еўрарадыё вырашыла параўнаць водгукі заўзятараў пра паходы на стадыёны у іншых еўрапейскіх краінах.

“Вельмі парадавала сістэма ўваходу на стадыён — зайшлі, хіба, хвілін за 20 да пачатку матча, і вельмі хутка апынуліся на сектары. Шмон чыста сімвалічны, паліцыі ўвогуле бачна не было, толькі сцюарды. Проста казка”, — такімі ўражаннямі дзяліўся пасля наведвання легендарнага белградскага стадыёна “Маракана” заўзятар з Валгадонска.

Пра лайтовы кантроль на ўваходах сведчаць і піра-шоў на сербскіх стадыёнах, якія часам заканчваюцца вялікімі кастрамі наўпрост на трыбунах.

Каб прапусціць 80 тысяч чалавек, адміністрацыя самага вялікага ў Германіі стадыёна, Сігнал Ідуна Парк (Дортмунд), павялічвае колькасць электронных турнікетаў. У Беларусі ж, як напісана вышэй, фанатаў прапускаюць на сектар праз аўтазак. Варта дадаць, што сярэдняя наведвальнасць першага тура айчыннага чэмпіянату склала 2,5 тысячы чалавек.

У прынцыпе, у большасці еўрапейскіх краін на стадыёнах усталяваныя турнікеты, якія счытваюць квіток па штрых-кодзе (квіток часта набываецца на канкрэтную асобу). Але прадпрымальныя фанаты-безбілетнікі змаглі абыйсці гэтую сістэму на лонданскім “Уэмблі”, пасля чаго разгарэўся скандал.

“У мяне быў свой квіток у кішэні на выпадак, калі нас спыняць. Але сцюард знаходзіўся ў 4-5 метрах і быў заняты, выконваючы асабісты дагляд іншых заўзятараў”, — адзін з заўзятараў апісвае, як ён разам з жонкай праходзіў праз шырокі турнікет па адным квітку.

Пасля таго, як гісторыю апісалі СМІ, дзіркі ва “Уэмблі”, хутчэй за ўсё, залаталі. Але, у прынцыпе, трапіць на стадыён у Англіі прасцей, чым на фанацкі сектар у Беларусі.

“Праходзім на стадыён, фармальны дагляд, і адразу ўпіраемся ў піва. Піва піць можна, але толькі пад трыбунай”, — яшчэ адзін расійскі заўзятар, наведаўшы гульню “Фулхэм”—“Рэдынг” захапляецца не толькі лёгкім праходам на стадыён.

Тым часам у суседняй Польшчы фанаты славяцца сваім буйным норавам. Таму і падыход мясцовых праваахоўнікаў да іх асаблівы, часам, вельмі спрэчны. Трапіць на стадыён можна толькі з Картай фаната альбо з пашпартам (для замежнікаў). Месцы ў гасцявых сектарах выдзяляюцца толькі арганізаваным групам. У лістападзе польскія паліцэйскія вырашылі пайсці далей, дамагаючыся да канца сезона (у Польшчы чэмпіянат праводзіцца па сістэме восень-вясна — заўв. Еўрарадыё) закрыць гасцявыя сектар. “У мэтах бяспекі”. Але кіраўніцтва Польскага саюза футбола не падтрымала такую ідэю.

Фанаты "Дынама" (Мінск) на выездзе ў Магілёве

Фота: vk.com/ultras_belarus, bvb.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі