На матчы "Легія" — "Дынама" затрымалі дваіх — за здымкі беларускіх заўзятараў

Беларускія заўзятары на матчы ў Варшаве

Беларускія заўзятары на матчы ў Варшаве / PAP

Паліцыя затрымала двух мужчын, якія здымалі беларускіх заўзятараў на футбольным матчы паміж варшаўскай "Легіяй" і мінскім "Дынама", піша Rzeczpospolita.

Паведамляецца, што мужчыны не рэагавалі на просьбы наведвальнікаў матчу не здымаць іх, а таксама праігнаравалі зварот аховы. У выніку паліцыянты вывелі мужчын са стадыёна. Гэта журналістам пацвердзіў прадстаўнік "Легіі" Барташ Заслаўскі.

Прэс-сакратар начальніка паліцыі раёна Варшава І Якуб Пацыняк заявіў, што мужчыны парушылі закон аб бяспецы масавых мерапрыемстваў, не падпарадкаваўшыся патрабаванням аховы. Ён расказаў, што аднаму з затрыманых 34 гады, у яго знайшлі невялікую колькасць наркотыкаў, таму выставілі абвінавачванні па крымінальным артыкуле. Другому мужчыну — 38 гадоў. Іншых звестак пра іх паліцыя не паведаміла. Паводл інфармацыі журналістаў, адзін з мужчын нядаўна падаў заяву на атрыманне статусу бежанца.

Паліцыя перадала два пратаколы ў суд Цэнтральнага раёна Варшавы. За парушэнні падчас матчу мужчынам пагражае абмежаванне волі або штраф — не менш за 2000 злотых. У судзе кажуць, што на аднаго з мужчын пачалі справу аб дробным правапарушэнні ў звычайным парадку. У другім выпадку вырашылі правесці паскораную вытворчасць і правялі судовае пасяджэнне. Суд забараніў мужчыну наведваць масавыя мерапрыемствы бліжэйшыя два гады і вызваліў абвінавачанага ад выплаты судовых выдаткаў.

Футбольны матч паміж "Легіяй" і "Дынама-Мінск" быў адзначаны тым, што фанаты варшаўскага клуба вывесілі некалькі банэраў супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама выкрыквалі нецэнзурныя крычалкі на ягоны адрас. За гэта УЕФА нават аштрафавала "Легію". Беларускія заўзятары прыйшлі на гульню з бел-чырвона-белымі сцягамі і разгарнулі банеры ў падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, палітвязняў і г. д. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі