Чым выбары прэзідэнта 2015 будуць адрознівацца ад выбараў 2010
Нягледзячы на аднолькавы вынік, прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пастаянна змяняюцца. У ЦВК распавялі, якім чынам яны зменяцца сёлета.
Празрыстыя скрыні
“Як у вас з празрыстымі скрынямі для галасавання? Трэба было б павялічыць іх колькасць. Там, дзе ўчасткі знаходзяцца на тэрыторыі прадпрыемстваў, заводаў, гэта магчыма. Са школамі, вядома, цяжэй. А там магчыма”, — заявіла старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах Лідзія Ярмошына на адкрытым пасяджэнні 14 траўня.
І папрасіла кіраўнікоў абласных аддзяленняў ЦВК як мага актыўней паспрыяць гэтаму.
“Прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку, апазіцыйна настроенай, просяць. Таму трэба гэта зрабіць”, — перакананая самая жалезная лэдзі беларускай палітыкі.
На практыцы ўсё не так проста. Кіраўнікі абласных аддзяленняў ЦВК як адзін скардзяцца, што няма грошай ды і закон не абавязвае. Але абяцаюць пастарацца. Прынамсі, паднапружаць заводы і фабрыкі. Шкада толькі, што на іх тэрыторыі размяшчаецца прыкладна 10% ад усіх выбарчых участкаў краіны (рэшта — у школах і ўстановах культуры). Так што, прарыву, відаць, не будзе нават у Мінску. Хоць ідэя, здаецца, авалодала розумамі кіраўніцтва ЦВК. “Там, дзе хочуць, сродкі знаходзяць. На гэтыя драўляныя скрыні часам страшна глядзець”, — кажа Лідзія Ярмошына. І на тым дзякуй.
Грошы на выбарчыя кампаніі
“Раней у нас было дзяржаўнае фінансаванне перадвыбарных агітацыйных кампаній кандыдатаў. Цяпер яго няма. Але кандыдатам павялічылі памер фондаў з 3000 базавых велічынь (на сёння 540 мільёнаў рублёў або 37,5 тысяч долараў) да 9000 (1 мільярд 620 мільёнаў рублёў)”, — расказвае Лідзія Ярмошына.
Такім чынам, цяпер кожны з кандыдатаў зможа цалкам афіцыйна і легальна патраціць на сваю кампанію прыкладна 113 тысяч долараў. Калі недзе раздабудзе такую суму, вядома.
Агулам выбары кіраўніка Беларусі сёлета будуць нам каштаваць 140 мільярдаў рублёў (па курсе на травень — прыкладна 10 мільёнаў долараў). Большая частка гэтых грошай пойдзе на заробкі ўдзельнікам выбарчых камісій.
“Гэтых людзей агулам будзе вельмі шмат, усе яны будуць працаваць на выбарах”, — распавядвае Ярмошына.
Забароняць агітацыю ля чыгуначнага вакзала ў Мінску
Спісы месцаў, дзе будучым кандыдатам ў прэзідэнты забароняць агітаваць грамадзян галасаваць за сябе, ужо паціху складаюцца. Гаворка перадусім пра падземныя пераходы (маўляў, агітатары замінаюць людзям) ды некаторыя грамадскія месцы. У прыватнасці, у Мінску, хутчэй за ўсё, забароняць агітацыю ля чыгуначнага вакзала.
А вось расплачвацца з агітатарамі кандыдатам стане прасцей. Афіцыйны выбарчы фонд можна будзе стварыць адразу пасля рэгістрацыі ініцыятыўнай групы (раней — толькі пасля рэгістрацыі самога кандыдата) і з яго спакойна плаціць сваім людзям заробкі. “Яны і раней плацілі, але нейкімі шэрымі схемамі. Цяпер гэта можна будзе рабіць празрыста”, — кажа Лідзія Ярмошына.
Вось такія змены. “Дзейнічайце ў лепшых дэмакратычных традыцыях!” — раіць Лідзія Міхайлаўна сваім падначаленым. Невядома, радавацца гэткаму пасылу, альбо не.
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць 15 лістапада (хутчэй за ўсё). Пакуль аб намеры ў іх удзельнічаць цвёрда заявіў толькі адважны Анатоль Лябедзька з Аб’яднанай грамадзянскай партыі.