Чыноўнікі спыняюць высяканне дрэў у гарадах
У Мінску дрэвы высякаюць на праспекце Незалежнасці, перад кінатэатрам "Кастрычнік", за філармоніяй, у Ракаўскім прадмесці і шмат дзе яшчэ.
Зелянбуд кажа, што дрэвы памерлі або захварэлі, пры гэтым незалежнай экспертызы не праводзілася.
Як распавёў Еўрарадыё Дзяніс Кобрусеў, незалежную экспертызу амаль што немагчыма зрабіць: "Каб зрабіць экспертызу дрэва, трэба, каб яно не было спілаванае. То бок калі вы ўбачыце спілаванае дрэва, то ўжо няма ніякай магчымасці праверыць, ці было яно хворым ці старым".
Адно з месцаў, дзе планавалася высекчы 13 дрэваў з 30, — гэта квартал на скрыжаванні вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай у Мінску, там з пачатку кастрычніка пачалася рэканструкцыя.
Аднак у сераду 4 кастрычніка стала вядома, што заказчык "Мінская спадчына" вырашыў перагледзець праект і паспрабаваць захаваць дрэвы: "Цяпер мы ўносім змяненні ў праект, каб захаваць ўсе дрэвы, — распавядае Еўрарадыё начальнік тэхнічнага аддзела Сяргей Абрамаў. — Праўда, там ёсць некалькі засохлых, але з імі мы будзем разбірацца асобна".
На сталічнай вуліцы Цэнтральная планавалася высекчы 128 дрэваў. Аднак, як даведалася Еўрарадыё, гэты праект перарабляецца, будуць выратаваныя каля 40 дрэў, у асноўным — старыя сосны. "Цяпер на месцы працуе наш галоўны інжынер і вырашае як зрабіць так, каб мінімізаваць высечку дрэў, — распавядае дырэктар Мінскіх цеплавых сетак Аляксандр Бузо. — Мы захаваем як мага больш, але гэта выйдзе нашмат даражэй, бо прыйдзецца пракладваць трубы не па-прамой".
Па словах дырэктара Мінскіх цеплавых сетак замест 3,8 мільёна рублёў, будзе выдаткавана каля 4,6 мільёна.
Таксама сёння ў Гомелі адмянілі прэзентацыю праекта шматкватэрнага дома, які збіраліся будаваць у скверы побач з гасцініцай "Турыст".
У аўторак 3 кастрычніка Лукашэнка нечакана выступіў з крытыкай масавай высечкі дрэў у Мінску і Гомелі, абвінаваціў гарадскія ўлады і запатрабаваў “спыніць разбой з дрэвамі”.