“Чыноўнікі сыходзілі з радасцю — знаходзілі больш высокааплатныя пасады"
Болей за тыдзень дзяржапарат Беларусі жыве ў скарочаным выглядзе. Еўрарадыё распытала чыноўнікаў, што змянілася пасля скарачэння.
“Адзін начальнік аддзелу ідэалогіі і два яго намеснікі: адзін адказвае за культуру, другі — за моладзь. А былі начальнікі аддзелу культуры, моладзі і ідэалогіі”, — тлумачаць Еўрарадыё ў Полацкім райвыканкаме сэнс кадравых перастановак.
“Стала болей абавязкаў. Людзі сышлі, а праца засталася ж”, — гэтак кажуць у Магілёве. Тут да скарачэння рыхтаваліся яшчэ да ўказу прэзідэнта “Аб некаторых мерах аптымізацыі сістэмы дзяржорганаў…”. Па адным толькі аблвыканкаме скарацілі амаль 200 з 700 чыноўнікаў.
“Ад Новага года, хто сам звольніўся, хто быў перад пенсіяй, таксама сышлі з працы, а мы гэтыя вакансіі ўжо не запаўнялі. Цяжка ж скараціць жывых людзей”, — у Магілёве прыводзяць такія лічбы: замест 3,6 тысячы чыноўнікаў па вобласці цяпер працуе каля 3 тысяч.
А зараз тут спадзяюцца на падвышэнне заробкаў, як абяцаў прэзідэнт:
“У нас цяпер не вельмі высокія заробкі. 4,5 мільёна ў галоўнага спецыяліста не будзе. Многія сыходзілі з радасцю — бо знаходзілі больш высокааплатныя пасады. Былі і незадаволеныя скарачэннем. Але мы ўсім прапаноўвалі месцы. Калі хто не пагаджаўся, сам шукаў — вы ж разумееце, што ў аблвыканкамах не дурныя людзі працуюць”.
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ад каментароў наконт скарачэння адмаўляецца. Але на сайце гэтага ведамства нечакана знаходжу адразу дзве вакансіі: на 4-4,5 мільёна рублёў начальнікамі аддзелаў!
“Гэта толькі на час адпачынку па цяжарнасці!” — папярэджваюць мяне ў міністэрстве, але адразу дадаюць, што ў выпадку добрай службы на працы пакінуць. І ніхто са скарочаных чыноўнікаў міністэрства не паквапіўся на пасады за 4,5 мільёна? Колькі ж тады тут атрымліваюць?
У Адміністрацыі прэзідэнта скарачэнні яшчэ не закончыліся, калі завершацца — невядома, бо на ўзгадненні:
“А яна (аптымізацыя дзяржкадраў. — заўв. Еўрарадыё) яшчэ ідзе, бо гэта не справа аднаго ўзмаха рукі. Пакуль новая структура на ўзгадненні ва ўрадзе. Гэта ж трэба час!” — кажуць мне ў Адміністрацыі прэзідэнта. І я не дзіўлюся таму, што, нягледзячы на скарачэнні чыноўнікаў, узгадняць заўсёды каму знойдзецца.