У Грэцыі з-за крызісу адключылі дзяржаўнае тэлебачанне і радыё

11 чэрвеня грэчаскі ўрад спыніў працу дзяржаўнай кампаніі ERT, якая ўключала тры тэлеканалы, радыё і аб’ядноўвала 2900 супрацоўнікаў.

“ERT з’яўляецца ўнікальным прыкладам адсутнасці празрыстасці і марнатраўства. Гэты тэлеканал каштуе ў 3-7 разоў больш, чым іншыя, а персанал абыходзіцца ў 4-6 разоў даражэй. Пры гэтым аўдыторыя складае каля паловы сярэдняй аўдыторыі прыватнага канала”, — патлумачыў рашэнне прэс-сакратар грэчаскага ўрада Сімас Кедыкоглу.

Аналітыкі лічаць, што рашэнне аб закрыцці тэлекампаніі было адчайнай мерай ўраду і праявай рашучасці ў пошуках спосабаў скарачэння выдаткаў.

Тым часам, пасля абвяшчэння рашэння аб закрыцці ля офіса ERT пачалі збірацца супрацоўнікі кампаніі, каб змагацца за адмену пастановы ўрада. Што цікава, іх падтрымала і частка прыватных тэлеканалаў, якія на пяць гадзін замест запланаваных эфіраў транслявалі паўторы старых перадач.

Да адчайных крокаў грэчаскі ўрад звярнуўся пасля нядаўняга даклада МВФ, які выкрываў “сур’ёзныя памылкі” пры вывадзе Грэцыі з крызісу.

“Гэта быў самы шчыры аналіз крызісу еўразоны афіцыйнымі асобамі. МВФ падрыхтаваў кароткі і цвярозы аналіз таго, што пайшло не так у грэчаскай праграме выратавання. У дакладзе таксама прысутнічае пратэст супраць палітыкі кансенсусу”, — так пракаментаваў рэзанансны дакумент калумніст Financial Times Вольфганг Мюнхау.

Дарэчы, публікацыя вышэйзгаданага даклада агаліла супярэчнасці паміж так званай “тройкай” (Еўрапейскі цэнтрабанк, Еўрапейская камісія і МВФ — заўв. Еўрарадыё), якая, фактычна, вырашае фінансавую будучыню Грэцыі, і Еўрапарламентам.

"Тройка мусіць стаць больш дэмакратычнай у плане справаздачнасці, перш за ўсё, перад Еўрапейскім парламентам, — заявіла кіраўнік Камітэта па эканамічных крэдытна-грашовых пытаннях Шарон Боулс. — Гэта немагчыма, што рашэнні, якія б’юць у самае сэрца краіны, прымаюцца без патрэбнага ўзроўню справаздачнасці”.

Ці прыслухаецца “тройка” да гэтых рэкамендацый, невядома. Тым больш, што і паміж яе ўдзельнікамі існуюць пэўныя спрэчкі. Паводле выдання Euobserver, цалкам верагодна, што МВФ пакіне “тройку”, а Еўракамісія будзе публікаваць свой уласны даклад, ацэньваючы выхад Грэцыі з крызісу ў гэтым годзе.

Варта ўзгадаць, што крэдыторы чакаюць ад Грэцыі значнага скарачэння дзяржслужачых: 4 тысячы з іх мусяць быць скарочаны да канца гэтага года, а да канца наступнага года гэта лічба павінна дасягнуць 15 тысяч.

Фота: EPA

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі