Чыноўніку Роскамнагляду зрабілі вымову за ідэю заблакаваць Фэйсбук і Твітэр
Намеснік кіраўніка Роскамнагляду Максім Ксянзоў атрымаў спагнанне за свае словы пра магчымую блакіроўку ў Расіі гэтых сацыяльных сетак.
Пра гэта ИТАР-ТАСС паведамляе са спасылкай на прэс-службу Мінкамсувязі.
Ксянзоў атрымаў вымову па выніках службовай праверкі, зладжанай пасля рэзанансных выказванняў чыноўніка. У загадзе аб дысцыплінарным спагнанні гаворыцца пра парушэнне пункту 11 часткі 1 артыкулу 15 закону “Аб дзяржаўнай грамадзянскай службе РФ”, які гаворыць пра неабходнасць выканання патрабаванняў да службовых паводзінаў.
Прычынай вымовы стала інтэрв’ю Ксянзова газеце “Известия”, у якім ён заявіў, што блакіроўка Твітэр у Расіі робіцца практычна непазбежнай, бо кіраўніцтва гэтага рэсурсу “паслядоўна адмаўляюцца выконваць” патрабаванні Роскамнагляду. Ён таксама заявіў, што Расія можа цягам некалькіх хвілінаў заблакаваць Твітэр або Фэйсбук і не бачыць у гэтым вялікіх рызыкаў.
Словы чыноўніка выклікалі вялікі грамадскі розгалас. Неўзабаве са сваімі каментарамі выступіў расійскі прэм’ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў. “Законы абавязковыя для ўсіх. Але асобным чыноўнікам трэба думаць, перш чым абвяшчаць у інтэрв’ю аб закрыцці сацсетак”, — заявіў прэм’ер ва ўласным мікраблогу.