Ці адбудзецца ў Еўропе легалайз па амерыканскім прыкладзе?

Пасля таго як Уругвай  стаў першай краінай, якая легалізавала марыхуану, а праз кароткі час тое ж самае зрабілі і два амерыканскія штаты (Вашынгтон і Каларада), у еўрапейскіх дзяржавах таксама пачалі ўсур’ёз гаварыць аб легалайзе.

“65% немцаў кажуць, што яны б не падтрымалі змякчэнне законаў, якія абмяжоўваюць вытворчасць, продаж і спажыванне марыхуаны. Толькі трэць (29%) хацелі б легалізацыі, у той час як 6% не маюць ніякага меркавання. Сярод прыхільнікаў Партыі зялёных колькасць жадаючых легалізацыі падскочыла да 51%”,паведамляе дадзеныя апошніх даследаванняў The Local.

Вядома, што набыць марыхуану ў нямецкіх гарадах можна і цяпер. Легалізацыя б дазволіла кантраляваць яе продаж і знішчыць “чорны рынак”. Пакуль жа, з такімі грамадскімі настроямі, жаданне старшыні берлінскага раёна Фрыдрысхайн-Кройцберг Монікі Херман адкрыць coffeshop у галандскім стылі выглядае нерэальным (у Каларада і Вашынгтоне легалізацыя адбылася праз рэферэндумы).

Тым часам у Францыі адбываецца свой, маленькі легалайз.

“Францыя сказала “так” першаму медычнаму сродку з марыхуаны, які паступіць у выглядзе спрэя для поласці рота і будзе даступны для тых, у каго рассеяны склероз. Гэта вялікі крок для Францыі, дзе лекі на аснове канопляў даўно забароненыя на рынку”,працягвае The Local.

Сапраўды, гэты спрэй ужо даступны ў Германіі, Іспаніі, Вялікабрытаніі, Швецыі і Італіі. Законы ж супраць канопляў у Францыі рэальна жорсткія: вытворца гэтай расліны можа атрымаць да 30 гадоў турмы і каласальныя 7,5 мільёна еўра штрафу — такія ж сумы прадугледжаны для тэрарыстаў.

Дазволіць ці не дазволіць марыхуану, абмяркоўваюць і ў Вялікабрытаніі. Стыв Ролз з “Фонда трансфармацыі палітыкі ў дачыненні наркотыкаў” быў адным з тых, хто параіў уругвайскаму ўраду правесці рэвалюцыйныя змены. У фондзе перакананыя, што 50 гадоў забароны нічога не далі.

Стыв Ролз: “Забарона не палепшыць здароўе насельніцтва, на самой справе яна паставіць здароўе пад пагрозу. Таксама гэта не абароніць дзяцей, забарона ставіць пад пагрозу і іх. Гэта не знізіць узровень злачыннасці, гэта яе толькі ўзмоцніць. Гэта вельмі дорага і стварае жудасныя вынікі”.

Іншыя ж эксперты кажуць, што жорсткая пазіцыя па наркотыках прэм’ера Дэвіда Кэмерана звязана з “прэсінгам з боку старых палітыкаў яго партыі”.

Тым часам у яшчэ адным амерыканскім штаце, у Каліфорніі, да марыхуаны падышлі навукова і па-дзелавому: тут з 2007 года існуе адзіны ў свеце каледж, у якім вучаць разводзіць каноплі.  Яго студэнты, ведаючы аб продажах на 5 мільёнаў долараў у першы тыдзень дэкрыміналізацыі ў Каларада, плануюць добра зарабіць сваімі ведамі. Тым больш што на дадзены момант каля 20 дзяржаваў дазваляюць вытворчасць канопляў у розных ступенях. Што праўда, малады каледж ужо паспеў сутыкнуцца з законам: у 2012 падчас рэйдаў міністэрства юстыцыі, службы ўнутраных даходаў і іншых ведамстваў былі канфіскаваныя каноплі і абсталяванне. А сам каледж быў вымушаны пераехаць у іншае месца. 

Фота: bloomberg.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі