Ці будзе Літва ўдзельнічаць у сірыйскай кампаніі?

Ці будзе Літва ўдзельнічаць у сірыйскай кампаніі?

Франсуа Аланд стварае “вялікую кааліцыю” для барацьбы з тэрарыстамі ў Сірыі. Шэраг краінаў ЕС і NATO атрымалі запыты, у якіх французскія дыпламаты прапанавалі далучыцца да кампаніі ў Сірыі. Сярод іх была і Літва.

Прэзідэнт суседняй краіны Даля Грыбаўскайтэ выразна дала зразумець, што не будзе ўдзельнічаць у кампаніі, у якой бярэ ўдзел Расія.

У сувязі з гэтым Літве прапануюць крыху іншы сцэнар дапамогі Парыжу.

Пасол Францыі ў Літве Філіп Жанто заявіў, што яго дзяржава вітала б падключэнне Літвы да міжнароднай або нацыянальнай аперацыі ў Малі або Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы (ЦАР).

“Мы б паставіліся да гэтага вельмі станоўча, таму што гэта дазволіла б нам адвесці французскіх вайскоўцаў з Афрыкі ў напрамку Сірыі”, — сказаў пасол.

Кіраўнік МЗС Літвы Лінас Лінкявічус заявіў, што яго краіна “магла б удзельнічаць у аперацыях, у якіх удзельнічае Францыя, для таго, каб французы больш дбалі пра бяспеку ў сваёй краіне”.

Літоўскія вайскоўцы не ўпершыню ўдзельнічаюць у кампаніях у Афрыцы. У мінулым годзе Літва на месяц адпраўляла ў французскую місію ў ЦАР транспартны самалёт “Спартан” з дзесяццю вайскоўцамі. Цяпер у вучэбнай місіі ЕС у Малі служаць трое літоўцаў. Яшчэ разглядаецца магчымасць пад эгідай ААН накіраваць туды да 20 штабных афіцэраў і спецыялістаў, паведамляе DELFI.

З 1994 года літоўскія вайскоўцы прыцягваліся да выканання міратворчых задач у Харватыі, Босніі і Герцагавіне. Падраздзяленні гэтай краіны бралі ўдзел у аперацыі ў Афганістане ў складзе Міжнародных сіл садзейнічання бяспекі NATO. У пэўныя перыяды там знаходзілася да 240 вайскоўцаў адначасова. Акрамя гэтага вайскоўцы і цывільныя асобы Літвы ўдзельнічалі ў аперацыях NATO ў Іраку і Косаве.

Фота: rus.azattyq.mobi

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі