Ці парушыла Капанацкая статут АГП?

Ці парушыла Капанацкая статут АГП?

Рашэнне дэпутата парламента і сябры АГП Ганны Канапацкай ствараць свой грамадскі рух “Наперад, Беларусь!” перарасло ў сапраўдны палітычны скандал. Сваё рашэнне Канапацкая агучвае 9 кастрычніка. Праз чатыры дні партыя, сябрай якой з’яўляецца дэпутат, рэагуе: Палітсавет АГП заяўляе, што ініцыятыва Ганны Канапацкай парушае статут партыі. Ёй прапаноўваюць “дэзавуяваць” сваё рашэнне.

Усю віну са стварэннем грамадскага руху бярэ на сябе памочнік Канапацкай Дзяніс Ціханенка, ён піша заяву пра выхад з АГП. А што сама Ганна Канапацкая? Яна адмаўляецца ад каментарыяў і раіць пачакаць.

Але ці сапраўды Ганна Канапацкая выступіла з ідэяй стварэння грамадскага руху без партыйнага на тое дазволу? У эфіры Еўрарадыё яна сцвярджала, што партыйнае кіраўніцтва было не толькі ў курсе, але і не супраць яе ініцыятывы. Дзе праўда?

Лідар АГП Анатоль Лябедзька упэўнівае, што нічога пра задуму Канапацкай не ведаў.

Анатоль Лябедзька: “У нас была размова пра тое, якім чынам далучаць новых людзей. У гэтым мы самі зацікаўленыя. Калі б ішла размова пра нейкую пляцоўку, кампанію, ініцыятывы, мы б зрабілі ўсё магчымае, каб такую ініцыятыву падтрымаць. Але напісана тое, што напісана: заяўка была на стварэнне палітычнай арганізацыі. Са штабамі, каардынатарамі. У нас ёсць наша Канстытуцыя — Статут партыі. Па ім не прадугледжаная магчымасць прысутнічаць адразу ў двух палітычных арганізацыях. Тым больш, што Ганна ў нас яшчэ і сябра Палітрады!”

Ці парушыла Капанацкая статут АГП?
Анатоль Лябедзька, фота Алеся Пілецкага

Чытаем Статут Аб’яднанай грамадзянскай партыі: “Сяброўства ў АГП несумяшчальнае з сяброўствам у іншых палітычных партыях. Сябра АГП не можа быць сябрам грамадскіх аб’яднанняў, прынцыпы і дзейнасць якіх супярэчаць статутным мэтам і задачам партыі”.

А цяпер чытаем заяву Ганны Канапацкай, якую яна апублікавала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку:

“Сёння я пачынаю рэспубліканскую грамадскую кампанію “Наперад, Беларусь!”. Гэта прынцыпова новы палітычны рух у нашай краіне. Яго місія ― рэальнае прадстаўленне інтарэсаў грамадзян у дзяржаўных органах улады ўсіх узроўняў, атрыманне яе лідарамі і актывістамі дэпутацкай большасці ў парламенце і мясцовых саветах шляхам актыўнай барацьбы за ўладу, фармаванне асноўнага прадстаўніцтва ва ўрадзе, выканаўчых і распараджальных органах улады”.

Здавалася б, праўда на баку лідара АГП Анатоля Лябедзькі. Але ў памочніка Ганны Канапацкай Дзяніса Ціханенкі, іншыя аргументы. Найперш, пра няведанне партыйным кіраўніцтвам планаў Канапацкай.

Ціханенка: “Ідэя некуды аб’яднаць людзей, якія нешта хочуць рабіць на карысць Беларусі, але не хочуць мець нічога агульнага з існуючымі палітычнымі партыямі, была абмеркаваная 19 верасня, падчас штотыднёвых сустрэч Ганны з кіраўніцтвам партыі. Тады ж абмяркоўвалася, што гэта павінна быць асабістай ініцыятывай Ганны Канапацкай, сыходзіць ад яе. У выніку атрымалася так: з партыйным кіраўніцтвам гэтая ідэя абмяркоўвалася, усе пагадзіліся, што такую асабістую ініцыятыву трэба неяк рэалізаваць і ў выглядзе нейкай кампаніі прадставіць грамадству. А ўсё астатняе ўзгаднялася толькі з ёй”.

Ці парушыла Капанацкая статут АГП?
Дзяніс Ціханенка

Па словах Ціханенкі, 7 кастрычніка Ганна Канапацкая папярэдзіла Анатоля Лябедзьку, што ўжо 9 кастрычніка запускае сваю грамадскую кампанію.

Ціханека: “Але Анатоль Лябедзька ў той момант нешта пісаў у планшэце, на яе словы ён проста сказаў нешта кшталту: “Да-да-да!”, і на гэтым ― усё. Калі чалавеку тэма не цікавая альбо ён не хоча на ёй засяроджвацца, то я ж не магу яго прымусіць!”

Па яго словах Ціханенкі, Статут таксама не парушаны, бо… ні партыю, ні нейкую грамадскую кампанію Ганна Анатольеўна не стварыла. А няма сяброўства ў партыі, то няма і парушэння Статуту АГП.

Анатоль Лябедзька упэўнены, што даверлівасцю Ганны Канапацкай у гэтай сітуацыі скарысталіся “нейкія людзі”. Праўда, імён не называе. Дзяніс Ціханенка лічыць, калі б лідар АГП уважліва ставіўся да ініцыятыў партыйцаў, такога канфузу не атрымалася б. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі