Падтрымліваем апазіцыю Беларусі — cпікер Сейма Літвы адказала кіраўніку МЗС РБ
Вікторыя Чміліце-Нільсэн
Пазіцыя Літвы "застаецца яснай: краіна падтрымлівае беларускую апазіцыю". Пра гэта заявіла спікер літоўскага парламента Вікторыя Чміліце-Нільсэн, каментуючы артыкул міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова. Чыноўнік РБ заклікаў аднавіць супрацоўніцтва Мінска і Вільні.
"На гэты момант у нас няма прычын меркаваць, што рэжым Лукашэнкі спыніў падтрымку Расіі. Акрамя таго, мы ведаем, што ў беларускіх турмах застаюцца зняволенымі журналісты і апазіцыянеры", — прыводзіць LRT словы Чміліце-Нільсэн.
Таксама яна звярнула ўвагу, што артыкул з заклікамі да Літвы з'явіўся за дзесяць дзён да парламенцкіх выбараў у гэтай краіне. На думку Чміліце-Нільсэн, гэтая публікацыя можа быць звязаная з перадвыбарнай кампаніяй.
Літва пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года актыўна падтрымала грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы Беларусі. Кантакты з афіцыйным Мінскам былі мінімумізаваныя. Пасля таго, як рэжым Лукашэнкі падтрымаў шырокамаштабную расійскую агрэсію супраць Украіны, афіцыйная Вільня амаль цалкам спыніла кантакты з Мінскам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.