Ці павялічыўся адсотак пакрыцця выдаткаў на камунальныя паслугі насельніцтвам?

Ці павялічыўся адсотак пакрыцця выдаткаў на камунальныя паслугі насельніцтвам?

Еўрарадыё пералічвае жыроўкі за снежань і студзень па эканамічна абгрунтаваных тарыфах і вызначае ці наблізіліся мы да 100% аплаты камуналкі. Пераход на поўнае пакрыццё тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі насельніцтвам плануецца ажыццявіць да канца 2018 года. Пра гэта кажа міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі.

"Пакрыццё тарыфаў насельніцтвам плануецца ў тры этапы: канец 2016 года — выйсці на 50% пакрыцця выдаткаў, канец 2017 года — на 75%, да канца 2018 года — на 100%", — паведамляе Зіноўскі.

Рост тарыфаў на камунальныя паслугі нібыта праходзіў у адпаведнасці з гэтымі планамі. Еўрарадыё падлічвае, на колькі змянілася пакрыццё камунальных паслугаў насельніцтвам цяпер. За прыклад бярэм жыроўкі за снежань і студзень сям’і з трох чалавек, якая жыве ў двухпакаёўцы памерам 40,1 квадратнага метра.

У правым верхнім куце жыровак ёсць вакенца з “разліковым коштам асноўных ЖКП”. Як высветлілася, у студзені адбыўся тэхнічны збой, і гэты аспект у жыроўцы падлічаны няправільна.

“У сувязі з тым, што падняліся тарыфы на ацяпленне, мы пры падліку паказалі верную тарыфную стаўку, а Мінскэнерга паказаў снежаньскую тарыфікацыю, — тлумачаць Еўрарадыё ў Адзіным разліковым цэнтры Мінска. — З-за гэта там няправільна падлічана, гэта наша віна і не трэба на гэтыя лічбы звяртаць увагі. У лютым усё будзе выпраўлена”.

Як высветлілася, самастойна падлічыць суму, якая там мусіць быць пазначаная, немагчыма:

“Там разлік вядзецца па тарыфах пастаўшчыкоў паслуг, — тлумачыць спецыяліст Адзінага разліковага цэнтра Мінска. — То бок яны разлічваюць па фактычных затратах тарыф на сваю паслугу. Гэта не тое ж самае, што эканамічна абгрунтаваны тарыф. Часцей за ўсё іх унутраныя тарыфы вышэйшыя за нашы эканамічна абгрунтаваныя. Але народ цікавіцца і падлічвае, таму ёсць верагоднасць, што ў лютым гэтыя тарыфы пастаўшчыкоў таксама з’явяцца ў жыроўках”.

Нават не будзем разбірацца, чаму эканамічна абгрунтаваныя тарыфы меншыя за ўнутраныя тарыфы пастаўшчыкоў і чаму яны ў такім выпадку называюцца “эканамічна абгрунтаванымі”. Проста будзем ведаць, што выніковая сума мусіць быць вышэйшай, а адпаведна, і адсотак пакрыцця дзяржавай таксама будзе большы.

1. Тарыф на тэхнічнае абслугоўванне ў снежні і ў студзені не змяняецца — 2100 рублёў за метр. Такім чынам, за кватэру плошчай 40,1 квадратнага метра нам налічваюць 84210 рублёў. Але ў студзені з гэтай паслугі выключаюць асвятленне ды прыборку памяшканняў агульнага карыстання. Таму ў новай жыроўцы гэтыя радкі дадаюцца, "Санітарнае ўтрыманне дапаможных памяшканняў" (тарыф 312.95) і іх асвятленне (тарыф 1188). То бок у студзеньскай жыроўцы да сумы за тэхнічнае абслугоўванне дададзім яшчэ 12549 рублі і 14362 рублі.

Такім чынам падтрыманне нармальнага стану дома, пад’езда і сутарэнняў па эканамічна абгрунтаваных тарыфах нам каштавала ў снежні 84210, а ў студзені 111122 рублі.

2. Адлічэнні на капітальны рамонт не падзяляюцца на льготныя і поўныя тарыфы. Але ў снежні гэта нам каштавала 837,5 рубляі за квадратны метр кватэры, а ў студзені — 880 рублёў. Праўда, гэты тарыф, які і новы тарыф за ваду, пачаў дзейнічаць толькі ў апошнія чатыры дні студзеня, таму ў жыроўках ёсць сума пераразліку. Мы не будзем звяртаць на гэта ўвагі і зробім выгляд, што новы тарыф дзейнічае цалкам увесь месяц. У лютым так яно і будзе. Адпаведна, у мінулым годзе на капітальны рамонт мы адлічвалі 33583, сёлета — 35288.

3. Эканамічна абгрунтаваны тарыф на ацяпленне з Новага года літаральна выбухнуў, павялічыўшыся з 466119 да 854710 за гігакалорыю. У кватэры, на жыроўкі якой мы абапіраемся, у снежні на ацяпленне было затрачана 0,57228 Гкал, у студзені — 1,06053. Падлічваем і атрымліваецца, што ў снежні эканамічныя затраты на ацяпленне склалі 266751, а ў студзені — 906445.

4. У снежні гаспадары кватэры скарысталі 19 кубаметраў вады, у студзені — 15. Эканамічна абгрунтаваны тарыф (9 000 рублёў за куб) пакуль не змяняўся, таму адразу лічым. Снежань — 171000 рублёў, студзень — 135000.

5. Каб падагрэць ваду, у снежні спатрэбілася 1,01311 Гкал, у студзені — 0,68449. Тарыфы тут такія ж, як і за ацяпленне кватэры, але падлік чамусьці вядзецца па льготных тарыфах нават у выпадках, калі ў кватэры ніхто не прапісаны ці зарэгістраваны ЧУП. Таму гарачую ваду ў снежні лічым па 100088 рублёў за куб, а ў студзені — 133417 рублёў, атрымліваем 101400 ды 91322 адпаведна.

6. Газ у абранай намі кватэры у снежні разлічвалі на 2,35 чалавека, бо дзіця сям’я зарэгістравала не у пачатку месяца, а вось у студзені ўжо лічылі на траіх. Эканамічна абгрунтаваны тарыф быў 20700, стаў 29900. Адпаведна, у снежні на газ спатрэбілася 48 745 рублёў, у студзені — 89700.

7. Каэфіцыент на перапрацоўку і вываз смецця з-за рэгістрацыі дзіцяці таксама розны. Тарыф на гэтую паслугу вырас больш чым у чатыры разы, з 12195 да 51143 рублёў. Адпаведна, у снежні заплацілі 6412, у студзені — 34260.

Цяпер проста сумуем усё па кожным месяцы. Атрымліваецца, што калі б мы ў снежні аплачвалі камуналку па эканамічна абгрунтаваных тарыфах, то бок на ўсе 100%, якімі нам пагражаюць у 2018 годзе, то рахунак прыйшоў бы на 712102 рублі. Сума, якую мусіць аплаціць гаспадар з улікам субсідаваных тарыфаў — 407728, астатняе пакрываецца дзяржавай. То бок дзяржава пакрывае — 43%, а плацельшчык — 57%.

У студзені ж тады па эканамічна абгрунтаваных тарыфах атрымаецца 1403139 рублёў. Пералічваем усе тыя ж пазіцыі з улікам льгот і атрымліваем 556498. Такім чынам, за дзяржавай 60% камунальных паслуг, за плацельшчыкам — 40%.

Дык пра якія набліжэнні да 100% аплаты камунальных паслуг насельніцтвам увесь час вядзецца гаворка?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі