Ці перамогуць “гастролькі” канцэртных махляроў?

Вяртанне гастрольных пасведчанняў, на думку чыноўнікаў, — крок выключна станоўчы. Яны абароніць беларусаў ад махлярства з боку арганізатараў, бо ў апошні момант адмяняць канцэрт і збягаць "з касай" будзе ўжо не так выгадна. Ніхто ж грошы за “гастрольку” не верне!

А вось што на гэты конт думаюць самі арганізатары канцэртаў і як вяртанне “гастролек” паўплывае на развіццё канцэртнай дзейнасці ў краіне?


Кіраўнік БМА-Group Віталь Супрановіч лічыць чарговае ўвядзенне “гастролек” вяртаннем у савецкія часы і не разумее, чаму канцэртная дзейнасць мусіць абкладацца дадатковым падаткам. Маўляў, шмат грошай на ёй і так не заробіш.

Што ж датычыцца фонду ў падтрымку таленавітай моладзі, куды будуць пералічвацца грошы за канцэртнае пасведчанне, то на думку Віталя, гэта някепска. Праўда, ён моцна сумняваецца, што штосьці з гэтага фонду трапіць выбітным маладым альтэрнатыўным гуртам, якія актыўна прапагандуюць беларускую культуру.


“Каб гэтую таленавітую моладзь абірала нейкае шырокае журы, якое б складалася з людзей розных поглядаў, з розных музычных тусовак… Каб яны разам вырашалі, хто варты таго, каб атрымаць грошы, хто — не, то, можа, і была б нейкая карысць. Але ў нашым выпадку наўрад ці такое будзе”.


На думку Віталя, усё будзе гэтак жа, як і з законам пра 75% беларускай музыкі на радыё. Выдатная ідэя, якая існуе ў шматлікіх краінах, каб падтрымаць сваіх выканаўцаў, якія спяваюць на нацыянальнай мове. Але ў нас закон сваёй функцыі не выконвае, бо эфіры забіты папсой і каверамі.


Яшчэ адно пытанне, якое ўзнікае з вяртаннем гастрольных пасведчанняў — забароны выступаў музыкаў. Маўляў, такім чынам улада легалізуе “чорныя спісы” і будзе адмяняць канцэрты з фармулёўкай “нізкая якасць выканання”.


“Якія мастацкія саветы, пра што вы кажаце?! — здзіўляецца начальнік аддзела па справах мастацтва ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Анціповіч. — Нічога такога не будзе — будзе указ прэзідэнта, і ўсё. Будзе проста парадак, і ўсё. І галоўнае — ніякай рэкламы канцэрта не будзе, пакуль ты не атрымаеш пасведчанне”.


Алег Ціханаў — прадзюсар гуртоў Zorge, Tequilajazzz, які ладзіць нямала канцэртаў у Беларусі — таксама перакананы, што ніякіх пытанняў з забаронамі ўзнікаць не будзе. Практыка тых жа “чорных спісаў”, паказвае, што ўсё адно ўсе выступаюць. Але праблемы з махлярствам, якія, па словах чыноўнікаў, і сталі прычынай вяртання “гастролек”, як былі, так і застануцца.


“Мне больш падабаецца расійскі падыход да гэтай праблематыкі. Там кожнаму арганізатару патрэбны страхавы рахунак з 150 мільёнамі рублёў. І вось тады ты можаш рабіць канцэрты. Натуральна, што гэта сума вялікая, і яна цягне за сабой шмат іншых правалочак, напрыклад, маладыя гурты не могуць выступаць. Але ў некаторым сэнсе, гэта ратуе сітуацыю з махлярствам. Праўда, я не згодны ні з першым, ні з другім варыянтам. З махлярствам, па-мойму, трэба змагацца па-іншаму”.


А вось канцэртны дырэктар “Корпорации развлеченийАндрэй Аляксееў лічыць, што “гастролькі” варта было ўвесці даўно, каб упарадкаваць канцэртны рынак.


“Гэта ўпарадкаванне рынку і адсячэнне недобрасумленных гульцоў рынку ад кліентаў. Натуральна, з-за гэтага крыху падаражэюць квіткі, але, у любым выпадку, гэта лепш, чым працаваць у бардаку!”


Тым не менш, закон ужо падпісаны і нават вядомыя тарыфы на гастрольныя пасведчанні. Яны будуць залежаць ад запланаванай колькасці людзей на канцэрце ці ўмяшчальнасці канцэртнай залы.


Канцэрт любога замежнага гурта ў Re:Public абыдзецца арганізатарам даражэй на 50 базавых велічыняў, а гэта 5 мільёнаў рублёў. Грошы будуць уключаныя ў кошт квіткоў! І не на ўсю 1000 чалавек, якую ўмяшчае клуб, а на квіткоў 500 ці нават менш, каб не рызыкаваць… Напрыклад, на канцэрт Стыва Вая 9 чэрвеня, самы танны квіток каштуе 350 тысяч, але з увядзеннем “гастролькі” ён будзе каштаваць ужо мінімум на 10 тысяч даражэй.


Кошты гастрольных пасведчанняў у залежнасці ад памяшкання:


1—150 месцаў (уваходных квіткоў) — 300 тысяч рублёў (3 базавыя велічыні);

151—300 месцаў — 1 мільён (10 БВ);

301—500 месцаў — 3 мільёны (30 БВ);

501—1000 месцаў — 5 мільёнаў (50 БВ);

1001—1500 месцаў — 8 мільёнаў (80 БВ);

1501—2000 месцаў — 10 мільёнаў (100 БВ);

2001—3000 месцаў — 15 мільёнаў (150 БВ);

звыш за 3000 месцаў — 20 мільёнаў (200 БВ).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі