Ці проста набыць джынсы з сертыфікатам якасці?
Самы папулярны ў моладзі тавар — джынсы — аптовыя базы прадпрымальнікам не прапаноўваюць.
“Дурням і беларусам не падыходзіць”, — пра такія таблічкі расказваюць беларускія прадпрымальнікі, што ездзяць на расійскія рынкі на закупку.
Нагадаем, з 1 ліпеня індывідуальныя прадпрымальнікі павінныя працаваць з сертыфікатамі якасці. Знайсці такі тавар у Расіі з дакументамі немагчыма, скардзяцца іпэшнікі.
Намеснік начальніка ўпраўлення гандлю і паслуг спажывецкага рынку Мінгандлю Андрэй Мяшкоў, пярэчыць: у краіне створаныя аптовыя базы, дзе можна набыць тавар разам з дакументамі!
Добра! Прадстаўляюся прадпрымальніцай і пачынаю абзвоньваць беларускія аптовыя базы, каб набыць джынсы. На сувязі Гродна, Гомель, Мінск. Джынсаў няма!
“Калі мы заказвалі тавар, пра джынсы гаворкі і не вялося! Калі мы абмяркоўвалі пералік тавараў, лічылася, што джынсамі нас забяспечвае рынак. У нас вось блузкі польскія. І дзе гарантыя, што калі мы закупім джынсы, у нас іх забяруць?” — разводзяць рукамі на аптовай базе ў Мінску.
Я ў адчаі! Самы хадавы тавар — джынсы, вось распрадам лішкі і што буду прадаваць? Аптавікі прапануюць…. набыць джынсы ў мяне!
“Мо да вас трэба прыехаць набыць джынсы?” — пранікаецца маёй праблемай таваразнаўца мінскай аптовай базы “Гандальвопратка”. Замест джынсаў звычайных мне прапануюць джынсы дзіцячыя, польскія жаночыя блузкі, кітайскія сукенкі і штаны.
У ГУМе кажуць, што засталося толькі два пастаўшчыкі джынсаў. Адзін з іх — “Рывагандаль”. Дырэктар гэтай базы Анастасія Барысюк заўважае, што джынсы ў асноўным дзіцячыя. Але ёсць для дарослых, толькі прадпрымальнікі па такія не ідуць:
“Я б і радая супрацоўнічаць з прадпрымальнікамі, але іх, думаю, не задаволіць накрутка — яны прывыклі да накруткі ў 100%. Таму я болей працую з крамамі”.
“Цяпер джынсаў няма”, — кажа мне таваразнаўца Святлана з рознічна-аптовага цэнтра “Вясёлка” ў Гомелі. Ініцыятыву дзяржавы на ўвядзенне абавязковай сертыфікацыі тавару яна падтрымлівае: “Трэба, каб усім роўныя ўмовы былі. Мы, дзяржустанова, без дакументаў у нас крок управа-ўлева— расстрэл! А прадпрымальнікі хочуць як мага прасцей працаваць”.
Па словах таваразнаўцы Наталлі з гэтай жа аптовай базы, аптавікі зрабілі для прадпрымальнікаў усё магчымае. Ніхто не ідзе!
“Мы ім і выставы ладзілі, і абзвоньвалі па некалькі разоў на тыдзень прадпрымальнікаў, спіс якіх нам гарвыканкам даў. Нічога! Ніхто да нас не ідзе. Прывыклі працаваць з накруткай у 100%, у нас так не выйдзе. У нас у асноўным беларускія тавары, а яны не каштуюць танна”, — кажа таваразнаўца з Гомеля.
Тым часам дакументаў на джынсы для дарослых няма ў адзіным рэестры Мытнага саюза. Там ёсць дэкларацыі ды сертыфікаты толькі на дзіцячую вопратку.